ЭЎРАЗЬВЯЗ НАПІСАЎ ПАПЕРКУ...

18 кастрычніка ў Маскве радваліся. Эўразьвяз ня стаў прымаць ніякіх дакумантаў з асуджэньнем антыгрузінскай палітычнай агрэсіі Расеі. Хітруны з Эўракамісіі выпусьцілі на трыбуну камісарку па замежных сувязях ЭЗ Бэніту Фэрэру-Вальднэр і яна заявіла сярод іншага: “Сапраўды, сітуацыя з грузінамі ў Расеі вельмі складаная. Аднак адказнасьць за крызіс павінны ўзяць на сабе абодва бакі”. І далей: “Абедзьве краіны павінны зьнізіць рыторыку ва ўзаемных адносінах, а грузінскае кіраўніцтва павінна ўстрымацца ад любых дзеяньняў, што спрыяюць большай напружанасьці”.

Якая нізкасьць! Брава, Бэніта! У чарговы раз пазнаем почырк інквізітарскай схалястыкі гэтай аўстрыйскай эўранемкі. Гэтым разам яна вельмі празрыста абвінаваціла грузінаў у антыгрузінскіх рэпрэсіях. Да такога не дадумаліся нават аўстрыйскія дзеячы 1938 года. Нямецкі фашызм прышоўся, аднак, да смаку большасьці насельніцтва Аўстрыі, якое масава высыпала на вуліцы і плошчы сустракаць фашыстоўскіх “вызваліцеляў” і вітала аншлюс у гітлерскі рэйх. Усеаўстрыйскі фашыстоўскі экстаз уразіў нават Гітлера, які ехаў сярод мора кветак і свастык па тэрыторыі першай ахвяры карычнявага імпэрыялізму. Аўстрыйскія абыватэлі апэратыўна здавалі ў гестапа сваіх габрэйскіх суайчыньнікаў і нямногіх антыфашыстаў, запісваліся ў вэрмахт і СС. Потым, што праўда, яны вельмі жорстка пацярпелі ад вайны і дэфашызацыі. Але “іх дело жівёт і побеждает”. Цяпер іхныя нашчадкі прыслугоўваюць чырвонаму маскоўскаму рэйху. Затое будзе газ і нафта. За гэтую выгоду можна і грузінаў “на место поставіть” і беларусаў з мапы Эўропы сьцерці. Гульня, вартая ставак. Вось паступова й раскрываецца сутнасьць дамоўленасьцяў Пуціна з Мэркель у Томску ды Дрэздэне.

Валеры Буйвал