УГОРСКІ СУПРАЦІЎ
24 кастрычніка 2006 г. Угорская газэта “Nepszabadsag” публікуе ў форме “бягучага радка” рэпартажы з розных месцаў Будапэшта і аб розных эпізодах народнага супраціву сацыялістычнаму ўраду камсамольца-мільянэра Дзюрчаня. Першыя сутыкненьні з паліцыяй адбыліся 23 кастрычніка на плошчы перад парлямантам, дзе моладзь паспрабавала ўмяшацца ў афіцыйную цырымонію, на якой рэй вёў прэм'ер сацыяліст Дзюрчань (моладзь называе яго спадчыньнікам тых здраднікаў, якія душылі рэвалюцыю 1956 г.). Дэмакратычная апазіцыя вырашыла ня браць удзелу ў афіцыёзе і ўскладала вянкі на месцах баёў 1956 г. Правая партыя ФІДЭС патрабуе адстаўкі Дзюрчаня.
Уначы тысячы маладых людзей засталіся на вуліцах і плошчах. Іх атакавала конная паліцыя, спэцчасткі, вадамёты. Паліцэйскія стралялі па людзях гумовымі кулямі і газавымі балёнчыкамі. Моладзь пабудвала барыкады і дагэтуль бароніць пазіцыі і зьдзяйсьняе сьмелыя атакі. Найбольш актыўны супраціў вядзецца ў раёне чыгуначнага вакзалу. Юнакі захапілі танк, на якім ваявалі супраць маскоўскіх агрэсараў паўстанцы 1956 г. (экспанат Музэя Рэвалюцыі), заправілі бакі (!) і цяпер езьдзяць на ім па ўсім горадзе, душачы паліцэйскія машыны.
Наш камэнтар: Няма будучыні ў перафарбаваных камуністаў Дзюрчаня, якія “зноў захапілі народную крэпасьць” (так характарызаваў Зянон Пазьняк дзеяньні рэжыму ў Беларусі пасьля 1991 г., але гэтая характарыстыка актуальная для шэрагу іншых постсавецкіх краінаў). Маладое пакаленьне не прымае іхную хлусьню, ня верыць іхнаму хамэлеёнству, брыдзіць іхным акцёрскім майстэрствам. Ня ўдасца выхаванцам камсамола, партыйных школаў, КГБ і Крамля, якія ў мутнай вадзе канца 1980-х — пачатку 1990-х абрабавалі свае народы і дарваліся да ўлады, надурыць маладых ані ва Угоршчыне, ані ў Беларусі, ані ў іншых месцах, дзе акапаліся дзюрчані, што моляцца на Маскву. Іхні час мінае, а разам зь імі зьнікне з паверхні зямлі крамлёўска-імпэрская пошасьць.
Валеры Буйвал