“ПАПА, УБЕЙ БЕЛОРУССА!”

На тэрыторыі так званых “ваенных гарадкоў” па ўсёй Беларусі апошнім часам расклеены рэклямныя адозвы “Всебелорусского об'едінённого казачества”. Не выпадкова “казачество” абрала ў якасьці зоны для вярбоўкі “казакоў” месцы скапленьня вялікай колькасьці асаднікаў-адстаўнікоў і дзейсных афіцэраў-чужынцаў, што камандуюць нашым войскам. Вядома, што многія зь іх выхоўваюць і сваіх нашчадкаў у духу нянавісьці да ўсяго беларускага, да нашай дзяржавы і беларускага народу. Цяпер справа выхаваньня “патріотов Отечества” пастаўлена на канвэер. Чытаем улётку:

“Всебелорусское объединённое казачество приглашает детей с 5 лет и подростков в Казачий военно-патриотический центр. В программе обучения (цытуем найбольш яркія прапановы): рукопашный бой, общевойсковая подготовка: огневая, тактическая, разведывательная, инжинерная, строевая, военно-медицинская и т.д.; идеологическая подготовка, в каникулярный период проведение военно-спортивных лагерей на базах воинских частей, пограничных застав и т.д. Занятия проходят на базе 120 гв. ОМБр (военный городок Уручье). Справки: 284-36-06, 8-029-56-357-99”. Вакол тэкста мэандравым узорам зьмешчаны фатаздымкі: юныя “казачкі” маршыруюць, страляюць з калашніка, капаюць акопы, сядзяць на танку...

Найбольш кур'ёзным ва ўсім гэтым фашыстоўскім трызьненьні ёсьць мабілізацыя 5-гадовых дзяцей. Ім прапануецца “рукопашный бой, огневая, разведываельная і ідеологіческая подготовка і т.д.” Да такога ў свой час не дадумаліся нават “яркіе умы” у НКВД і гестапа. А цяпер на вачах у беларусаў, на тэрыторыі базаў нацыянальнай Беларускай арміі (на базе 120 гв. ОМБр ва Уруччы) мабілізаваныя 5-гадовыя малечы будуць пісаць на чорных дошках “ідеологіческой подготовкі” — “Папа, убей белорусса!” Маскоўска-фашыстоўская нечысьць ня крыючыся атручвае душы дзяцей лубянскім янычарствам.

Пакуль фашыстоўскай небясьпекі ня бачыць (і ці ўбачыць наагул?) першая ахвяра крамлёўскага фашызму — расейскі народ. Але шэраг народаў ужо ацанілі адэкватна гэтую пагрозу. Падчас апошняга візыту ў Маскву прэм'ер Ізраіля Ольмэрт наведаў харальную сінагогу ў Маскве. Там ён зьвярнуўся да вернікаў з заклікам да ўсіх габрэяў пакідаць Расею і выяжджаць у Ізраіль. Раней прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі зьвярнуўся да грузінаў, якіх перасьледуюць у Расеі: “Вяртайцеся дадому, маці-Грузія чакае вас!” Няма толькі беларусам, куды ратавацца ад расейскага фашызму, бо ён разгортваецца на нашай зямлі, у нашай дзяржаве. Гістарычны досьвед нашага і іншых народаў паказвае, што фашызм нельга перамагчы шляхам выбараў-перавыбараў. Перамога над фашызмам дасягаецца шляхам барацьбы і народнай салідарнасьці.

Янка Базыль