ТРАГЕДЫЯ ЦІБЭТУ

18 кастрычніка 2006 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” піша пра трагедыю на кітайскай мяжы. Румынскія альпіністы, што стаялі лягерам на тэрыторыі Нэпала, выпадкова зазьнялі на відэа, як кітайскія памежнікі страляюць па жывых людзях. Група цібэтцаў спрабавала перайсьці па сьнезе з тэрыторыі акупаванага Цібэту ў Нэпал. У выніку абстрэлу адзін чалавек быў забіты і адзін паранены. Улады спачатку не давалі тлумачэньняў, а пазьней заявілі, што “памежнікі стралялі ў мэтах самабароны”.

Наш камэнтар: Яшчэ на пачатку 1950-х гадоў кітайскія імпэрыялісты захапілі тэрыторыю незалежнага Цібэту, краіны са старажытнай культурай і аўтахтонным насельніцтвам. Рэлігійны лідэр Цібэту Далайлама вымушаны жыць за мяжой, у Індыі. Мільёны цібэтцаў забітыя кітайскімі акупантамі. Зьнішчаны многія каштоўныя помнікі культуры і архітэктуры. Вядзецца брутальная кітаізацыя Цібэту. Ужо цяпер у Цібэце кітайцаў значна больш, чым карэннага насельніцтва. Няшчасныя людзі рызыкуюць жыцьцём, каб уцячы ад акупацыйнага рэжыму. Трэба беларусам задумацца над лёсам народу, які ня здолеў абараніць сваю незалежную дзяржаву. Каб не давялося нашай моладзі ўцякаць з акупаванай ворагам Беларусі на чужыну ад русіфікацыі, сібірскага палону і людажэрнага лубянскага рэжыму.

Юрка Марозаў