РАСЕЙСКІ БЫТ

На тыповую будпляцоўку ў цэнтры Масквы 13 кастрычніка прыехала камісія. Камісары гулялі па будоўлі, прыглядалі за кранамі і бэтонамяшалкамі. Ужо зьбіраліся падпісаць чарговыя дазвольныя паперы на працяг будаўніцтва. Але раптам чарпак экскаватара капнуў зямлю і зварухнуў чалавечы труп. Аказалася, што гэта труп рабочага-“гастарбайтэра”, які загінуў, завалены зямлёй у будаўнічай траншэі. Начальства фірмы “СУ-176 ХХІ” спачатку адмаўляла, што гэта наняты імі работнік. Потым вымушана была прызнаць гэта. Але гендырэктар так і ня здолеў паведаміць, калі адбыўся гэты няшчасны выпадак і колькі часу труп праляжаў ў зямлі на тэрыторыі будоўлі (!). Імя рабочага і ягонае грамадзянства не паведамляецца. Вось так, чалавека прысыпала зямлёй, чалавек загінуў, а “отряд не заметіл потері бойца”... Гэта яшчэ што. Ня так даўно расейскае тэлебачаньне паказвала праграму пра гастарбаўтэраў у Маскве. Сьмялейшыя зь іх паведамілі: калі работнік падае з рыштоўкі і разьбіваецца на сьмерць, начальства проста загадвае вынесьці труп за плот будпляцоўкі і выкінуць на сьмецьце.

У Расеі адбываецца чарговая трагедыя. Штодня тэлебачаньне дэманструе жудасныя сюжэты са шпіталёў і гандлёвых кропак. Спачатку ў Валагодскай, а потым у Кіраўскай вобласьцях сотні людзей атруціліся сродкамі бытавой хіміі. Многія загінулі. Ня маючы грошай нават на самагонку, алкаголікі (сярод іх вельмі шмат жанчынаў) купляюць і выпіваюць вадкасьці, прадназначаныя для выдаленьня іржы з мэталаў, ачысткі сантэхнікі і г.д. Нават загартаваныя атрутамі арганізмы русскіх людей ня вытрымліваюць такой хімічнай атакі. Няшчасны народ, няшчасная краіна...

Юрка Марозаў