ВОДГУЛЬЛЕ ЗАБОЙСТВА
13 кастрычніка 2006 г. Румынская газэта “Adevărul” паведамляе, што ў Парыжы адбыўся мэмарыяльны мітынг з удзелам некалькіх сотняў асобаў. Яны паміналі журналістку Ганну Паліткоўскую, нядаўна забітую ў Маскве. Сабраліся ў асноўным актывісты арганізацыяў, якія падтрымліваюць змаганьне чачэнскага народу супраць расейскіх акупантаў. Найвядомейшы сучасны французкі філёсаф Андрэ Глюксман гаварыў на мітынгу аб неабходнасьці не маўчаць, не дазваляць заглушыць гэтую тэму, якую забойцы спадзяваліся забіць разам з журналісткай.
Наш камэнтар: Нягледзячы ні на што афіцыйныя ўлады Францыі і іншых эўрапейскіх краінаў, большасьць СМІ працягваюць паўтараць расейскую гэбельсаўшчыну пра “тэрарызм чачэнскіх сэпаратыстаў” і “імкненьне Масквы наладзіць мірнае жыцьцё ў Чачэніі”. Усё ведаюць пра вызвольную вайну чачэнскага народу і пра расейскія зьверствы хітрамудрыя палітыкі і мітусьлівыя журналісты. І працягваюць падманваць свае грамадзтвы. Зноў, як у 1930-х гадах, заходнікі спрабуюць наладзіць “выгадныя адносіны” з агрэсіўным і чалавеканенавісьніцкім рэжым. Яны забыліся, якой трагедыяй для сьвету скончылася тады гэтае выгадніцтва.
Валеры Буйвал