“ТЭАРЭТЫКІ” З ЗАХОДНЯЙ ПРАВІНЦЫІ

14 кастрычніка 2006 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” публікуе артыкул пад тытулам “Пуцін ні празаходні, ні антызаходні”. На пачатку даецца цытата з кнігі Ганны Паліткоўскай “У Расеі Пуціна”: “Чаму я не цярплю Пуціна? За ягоны цынізм. За бясконцую вайну ў Чачэніі. Але толькі мы самы можам зьмяніць палітычны клімат у Расеі. Было б глупствам і зусім беспадстаўна спадзявацца на адлігу, што магла б прысьці з Крамля, як за Гарбачова”. Далей швайцарскія аналітыкі апісваюць даўнюю спрэчку заходнікаў і славянафілаў у Расеі. У выніку яны выводзяць новую формулу цяперашняй імпэрыі: “Пад кіраўніцтвам Пуціна сёньняшняя Расея пасьля фазы слабасьці і ўнутранага замяшальніцтва нібірае сілу як вялікая дзяржава з моцнай нацыянальнай самаўпэўненасьцю. Павышаецца экспарт энэргетычных багацьцяў краіны...” На думку швайцарцаў, адносіны Масквы з Лёнданам, Бэрлінам і Вашынгтонам вызначаюцца стабільнасьцю і даверлівасьцю. Газэта піша: “Аўтарытэт Пуціна расьце. Здаецца, што аўтарытарны парадак і падаграваньне нацыяналістычных эмоцыяў для многіх расейцаў каштоўней, чым дэмакратыя і салідная прававая дзяржава”. Згадана і пра выміраньне насельніцтва Расеі — па 700 тысячаў штогод. І пра алкагалізм, і пра самагубствы, якіх у Расеі ў пяць разоў больш, чым у Вялікай Брытаніі. І з усёй гэтай плыні тэарэтызаваньняў робіцца фінальная выснова (тое, што найбольш запомніцца чытачам): “Нягледзячы на дэфіцыт дэмакратыі, Расея сёньня зьяўляецца больш адкрытым грамадзтвам, чым у савецкія часы”.

Наш камэнтар: Чытаючы гэты эклектычны прадукт заходніх мазгоў, заўсёды задаешся пытаньнем: “Яны сапраўды вераць у тое, пра што тэарэтызуюць? А можа прыкідваюцца?” Падобна, што швайцарцаў і многіх іншых на Захадзе цалкам задавальняе факт існаваньня “ні заходняй, ні ўсходняй” імпэрыі КГБ, дзе сьпіваюцца і выміраюць мільёнамі людзі, адкуль вывозяцца газ-нафта і не ствараецца больш нічога, акрамя зброі масавага зьнішчэньня? Можа швайцарцы спадзяюцца ў чарговы раз адкруціцца за сьцяной нэйтралітэту ад вайны ў Эўропе, да якой актыўна рыхтуецца крамлёўскі рэйх? І ў Цурыху і ў іншых унівэрсітэцкіх гарадах працягвае бесперапынную працу канвэер саветалёгіі-русістыкі: манаграфіі, дысэртацыі, рэдакцыйныя артыкулы, маніфэсты пра “аўтарытарную, але вялікую дзяржаву”. Працягвае сваю працу армія падкупленых Масквой, а часта і ад шчырай левай душы прамаскоўскіх дактароў, акадэмікаў і драбнейшых спэцоў. Яны працягваюць даўнюю традыцыю. Такія былі на Захадзе і ў Гітлера, і ў Сталіна. А калі ў 1840-х гадах у адным з парыжскіх тэатраў пачалі паказваць пьесу, дзе высьмейваўся Мікалай І Раманаў, то з Пецярбурга перадалі: “Калі ня спынецца гэтае “безобразіе”, мы прышлём у залю тысячы нашых людзей у шэрых шынялях і яны сарвуць спэктакль”. Не зьмянілася практычна нічога.

Юрка Марозаў