“ВЕЧНА СЬЛЯПЫЯ” І “МІРАТВОРЦЫ”

На працягу некалькіх дзён расейскае тэлебачаньне энтузіястычна паведамляе пра чарговых “россійскіх міротворцев”. Цяпер батальёны лятуць у Ліван. Міністар вайны РФ Іваноў называе іх “інжынэрнымі”, расказвае, як яны будуць аднаўляць разбураныя падчас апошняй блізкаўсходняй вайны масты і дарогі ў Ліване. Але вось цікава, тое ж тэлебачаньне паведаміла, што большасьць з гэтых “інжынэрных” сфармавана з частак, якія доўгі час дзейнічалі ў Чачэніі і “маюць вялікі досьвед”. “Досьвед” чаго?

НТВ паказала інтэрв'ю з адным з такіх “міротворцев” ужо з ліванскай Сайды. Чачэнец-кадыравец казаў нешта з экрана пра той самы “досьвед”. Пры чым сваю вайсковую кепку ён насунуў сабе на вочы так, каб ніхто ня ўбачыў і не апазнаў ягоны твар. Чаму так? А таму, што кадыраўскія галаварэзы існуюць, як вядома, не для мастабудоўлі і асфальтаўкладкі. Насельніцтву Лівана і Ізраіля трэба крэпка задумацца над гэтай дэтальлю.

Ёсьць яшчэ адзін аспэкт тэмы. Раней Расея вымушана была замятаць сьляды, адпрацоўваць цэлы ланцуг для перасылкі зброі тэрарыстычным арганізацыям і дыктатарскім рэжымам. Грузы з ракетамі і калашнікамі накіроўваліся ў Беларусь, потым праз “беларускі калідор” у Іран, адтуль у Сірыю. І ўжо толькі потым зброя трапляла ў рукі Хэзбалы ў Ліване. У ліпені сёлета з Масквы паступіў загад і Хэзбала пачала запускі ракетаў у бок ізраільскіх паселішчаў. Такіх разбуральных бамбардовак і так глыбака на тэрыторыі краіны Ізраіль яшчэ не перажываў. Так масава яшчэ не гарэлі ізраільскія танкі, якія пайшлі ў наступ на пазыцыі Хэзбалы ў Ліване. Страшнымі ахвярамі і разбурэньнямі скончылася для народаў гэтая справакаваная Масквой вайна.

Звычайна паўстае пытаньне: а хто выйграў вайну? Адказ адназначны — адзіным пераможцам ёсьць Расея. Цяпер Маскве ня трэба зайдзейнічаць складаны ланцуг і тысячную агентуру ў розных краінах. Расея “творіт мір”, на Усход лятуць яе агромністыя транспартныя самалеты — “Русланы”, што нясуць грузы ў сотні тонаў. У ангары гэтых монстраў можна загрузіць процьму ракетаў і танкаў і падарыць іх каму заўгодна, той жа Хэзбале. У Мачулішчах пад Менскам прызямляюцца, загружаюцца і адлятаюць на Ліван гэтыя расейскія самалёты, “беларускі калідор” актывізаваўся. Зноў беларусы становяцца закладнікам чалавеканенасвісьніцкай палітыкі Крамля і ягоных мясцовых марыянэтак. Цяпер расейская зброя пад выглядам мастабудаўнічых атрадаў з песьнямі і разгорнутымі сьцягамі накіроўваецца ў рукі тэрарыстычных арганізацыяў. А батальёны “з каўказкім досьведам” ўжо разгорнуты ў паўднёвым Ліване дзеля абслугі гэтай зброі.

Няўжо цывілізаваныя краіны, гэтыя “вечна сьляпыя” зноў не захочуць нічога ўбачаць і ні аб чым не здагадацца?

Янка Базыль