ЗАБОЙСТВА Ў РАСЕІ
8 кастрычніка 2006 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” паведамляе пра забойства ў Маскве журналісткі Ганны Паліткоўскай. Калегі па рэдакцыі распавялі журналістам, што Паліткоўская рыхтавала вялікі матэр'ял са здымкамі і дакумэнтамі, прысьвечаны катаваньням у Чачэніі. Рэдакцыя “Новой газеты” абяцае надрукаваць хаця б частку гэтых няскончаных матэр'ялаў. Італьянскіх журналістаў зьдзівіла маўчаньне Крамля, Пуціна і ягонай адміністрацыі, якія не падалі голасу пасьля гэтага забойства. Вядома, што Паліткоўскую, якая пісала праўду пра злачынствы расейскага рэжыму ў Чачэніі, ненавідзіў прамаскоўскі Кадыраў і кадыраўцы. Але, як лічаць італьянцы, “чырвоная нітка злачынства вядзе ў Маскву...”
Наш камэнтар: У красавіку сёлета сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ выйшлі на пікет у цэнтар Менску, на плошчу Кастуся Каліноўскага. Моладзь трымала вялікі транспарант “Абаронім Беларусь ад расейскаму фашызму!” Адбыўся напад амонаў, арышты дэманстрантаў, несправядлівыя суды... Але былі яшчэ пытаньні мясцовых (з дазволу сказаць) журналістаў: “А про что это вы? Про какой фашизм?..” Можа цяпер, пасьля дзікага забойства ў Маскве жанчыны, якая заўсёды казала праўду аб расейскім фашызме, гэтыя правінцыйна-савецкія істоты ўрэшце скемяць, што мелі на ўвазе беларускія патрыёты?
***
8 кастрычніка 2006 г. Ангельская газэта “Observer” таксама піша пра забойства ў Маскве журналісткі Ганны Паліткоўскай. Нагадвае, як Паліткоўская заўсёды пісала праўду пра брудную вайну Расеі ў Чачэніі. Як яе шанавалі чачэнскія барацьбіты за волю і ненавідзелі крамлёўцы і здраднікі чачэнскага народу. Сама Паліткоўская напісала, як дэпутат Дзярждумы РФ У. Суркоў кваліфікаваў яе як “ворага, якога нельга пераканаць, а можна толькі сьцерці...” Нягледзячы на пагрозы з Крамля і ад Кадырава, яна працягвала сваю дзейнасьць.
Наш камэнтар: Побач з гэтым жыцьцём і гэтай сьмерцю ўспамінаюцца пэрсанажы мясцовай журналістыкі, якую не паварочваецца язык назваць “беларускай”. Гэтая публіка ўпэўненая, што яна будзе жыць вечна і заўсёды будзе “в меру упитанна”. Можна з пэўным рэспэктам ставіцца да нястомных работнікаў на ніве шклоўскай дыктатуры ў рэжымных СМІ. Яны не хаваюць свайго амплуа, сваёй заангажаванасьці ў антыбеларускую справу. Гэта ёсьць адкрытыя ворагі праўды і беларушчыны.
Але па сьвістку незабыўнага Ганса Віка ў Беларусі сфармавалася і функцыянуе ўжо каля дзесяці гадоў цэлая інфраструктура, якая фармальна называецца “незалежнай” альбо “дэмакратычнай” журналістыкай. Усе гэтыя людзі настолькі прызвычаіліся весьці падвойную гульню і выконваць агентурную ролю, што набылі ўпэўненасьць — ніхто ня бачыць іхняй прадажнасьці. Пад лёзунгам “Чего ізволіте” яны з гатоўнасьцю і надзьмутым выглядам выконваюць заданьні зьнішчальнікаў Беларусі. Гэта яны ляпілі “лідэраў нацыі” з нікчэмнасьцяў тыпу вінцучка-чыгіра-ганчарыка-мілінкевіча. Гэта яны заклікалі ісьці на выбары і заклікаюць народ зноў удзельнічаць у гэтым рэжымным шоў. Яны замоўчвалі імёны і подзьвігі сапраўдных патрыётаў (такіх, як Уладзімер Плешчанка). Яны перакананыя, што зь імі нічога ня здарыцца. Побач з драматычнымі старонкамі эўрапейскай журналістыкі яны застануцца як сьведчаньне чалавечай нізасьці, грамадзянскай здрады і прафэсійнай прадажнасьці.
***
Выбух паўночнакарэйскай атамнай бомбы, (можа й не выпадкова) выручыў крамлёўскіх забойцаў. Цяпер ня трэба хвалявацца, што забойства антыкрамлёўскай журналісткі Ганны Паліткоўскай будзе займаць першы радок СМІ Расеі і ўсяго сьвету, як гэта было на працягу вечара 8 кастрычніка. Усе занятыя цяпер пагрозай новай Хірасімы і паказваюць на старонках газэтаў і экранах тэлевізараў не Пуціна, які вядзе вайну ў Чачэніі з шырокім выкарыстаньнем катаваньняў і масавых расстрэлаў, а шалёнага Кім Чэн Іра (якога цяпер усе баяцца значна больш, чым крамлёўскага гнома). Пасьпелі толькі паведаміць, што “кампэтэнтныя ворганы” “із'ялі” з рэдакцыйнага стала Паліткоўскай усе матэр'ялы, тэксты і фатаздымкі, якія яна рыхтавала для свайго вялікага і сэнсацыйнага артыкула аб катаваньнях людзей расейскімі акупантамі ў Чачэніі. Зразумела, што цяпер ніхто з простых сьмяротных гэтыя матэ'ялы больш ня ўбачыць. Захад зьдзівіла маўчаньне Пуціна і крамлёўскага эстэблішмэнту (яны ўсё яшчэ зьдзіўляюцца). Хаця “Уладзімір Уладзіміравіч” зь ягоным праграмным “мачыць” сапраўды мог бы быць больш пасьлядоўным. Над Крамлём можна спакойна ўздымаць чырвоны сьцяг з фашыстоўскай свастыкай, можна нашыць гітлерскую сымволіку на трыкалёр РФ — розьніца невялікая.
Валеры Буйвал