ТАРАБАРШЧЫНА Ў КРАІНЕ ВЕЧНАЙ СЬПЯЧКІ

6 кастрычніка 2006 г. Угорская газэта “Nepszabadsag” паведамляе з парляманту Угоршчыны. Там выступаў прэмьер краіны Дзюрчань. “Прабачце, прабачце, прабачце...” — гукаў камсамолец-мільянэр, зьвяртаючыся да дэпутатаў і ўсяго народу. Ён тлумачыўся наконт свайго травеньскага выступу, у якім быў прызнаўся, што ён і ягоная сацыял-дэмакратычная партыя ўвесь час хлусілі народу аб гаспадарчым становішчы крамны, каб утрымацца пры ўладзе. Абяцаў, што больш так рабіць ня будзе.

Наш камэнтар: Успомнім, што калі стала вядома пра ганебныя заявы Дзюрчаня, зробленыя ім у коле сяброў і калегаў (нехта патаемна запісаў ягоны выступ, а потым абнародваў яго), на вуліцы сталіцы і іншых гарадоў Угоршчыны выйшлі на дэманстрацыі пратэсту тысячы і тысячы людзей. Народ праваліў партыю хлуса і цыніка Дзюрчаня на нядаўніх мясцовых выбарах. А вось у Беларусі днямі тав. Лукашэнка заявіў публічна і з легальным удзелам СМІ, што “беларускі народ будзе паміраць за Расею і павінен быць гатовым да гэтага”. Маскоўскі кліент “проболтался”, сказаў праўду, раскрыў крывавую задумку імпэрскага ворага — беларусаў зноў зьбіраюцца прымушаць ваяваць і аддаваць свае жыцьці за Маскву і ейную гнілую імпэрыю. Дзеля гэтага крамлёўцы плянуюць пад сурдзінку мясцовых псэўдавыбараў правесьці ў Беларусі антыканстытуцыйны “рэфэрэндум” аб “інтэграцыі з Расеяй” і легалізаваць акупацыю нашай краіны.

І вось вынік — ніякай рэакцыі беларускага грамадзтва. Лукашэнка заявіў проста ў лоб, што чакае нас, нашу армію і нашу моладзь. Заявіў цынічна, у адкрытую, без эзопаўшчыны. А нашы людзі нават не абмяркоўваюць гэты жудасны выступ-прызнаньне. Людзі, як жа так? Вам жа ясна патлумачылі (ясьней не бывае): РЭЖЫМ ЗЬБІРАЕЦЦА ЗРАБІЦЬ З НАС ГАРМАТНАЕ МЯСА, ЯКОЕ ПАВІННА БУДЗЕ АБАРАНЯЦЬ МАСКВУ, АЛІГАРХАЎ І ІХНУЮ РАСЕЮ. Беларусы, пакуль ня позна, ці не пара абуджацца ад сьпячкі?

Юрка Марозаў