ПРЫКЛАД ЯК ПАЎТАРАЕЦЦА ГІСТОРЫЯ
8 кастрычніка 2006 г. “Frankfurter Allgemeine Zeitung” публікуе артыкул пад тытулам “Расейцы ідуць!” Аўтар з захапленьнем распавядае пра ўліваньні расейскага буйнога капіталу ў нямецкую гаспадарку. Пуцінскі сябрук з “Газпрома” А. Мілер выкупіў (выратаваў) нямецкі футбольны клюб “Шалькэ”. У праект ён уклаў 100 мільёнаў эўра. Алігархі скупляюць у Нямеччыне фірмы модаў і касмэтыкі, прадпрыемствы біятэхнікі, турфірмы, завалодваюць пакетамі акцыяў у буйных індустрыяльных прадпрыемствах. У фінале артыкула гучыць звонкі акорд: “Але голад расейцаў гэтым яшчэ далёка не задаволены”.
Наш камэнтар:Ані словам не згадаў нямецкі аналітык пра паходжаньне гэтых шалёных капіталаў, ліпкіх ад чалавечай крыві, зашмальцаваных у брудных руках забойцаў і рабаўнікоў уласнага народу і дзесяткаў народаў, прыдушаных імпэрскім прыгнётам. Немцам ня брыдка — гэта зразумела, бізнэс рэдка бывае маральнай справай. Але чаму ім ня страшна біялягічным страхам, уласьцівым усяму жывому? Яны запускаюць у сваю Нямеччыну разгалінаваную і дзікую хеўру расейскіх забойцаў і цынікаў такога маштабу, у параўнаньні з якімі паханы з “Коза ностры”, “Н'дрангеты” і “Якудзы” выглядаюць хорам хлопчыкаў-гімназістаў на калядным ранішніку.
Варочаць шалёнымі капіталамі, сотнямі тысячаў нямецкіх людзей, вызначаць напрамкі разьвіцьця і правілы гульні цяпер будуць усё больш актыўна галаварэзы з “таямнічай расейскай душой”. Немцам ня страшна, бо гэты працэс працягваецца ўжо гадамі. Бо расейцы завалодалі ўжо ня толькі рычагамі нямецкай эканомікі, ня толькі згаданымі фірмамі моды і касмэтыкі. “Гуны з Усходу” (як называў расейцаў канцлер Бісмарк) скупілі на караню нямецкі палітычны эстэблішмэнт. На вачах усяго сьвету канцлер Шродэр бессаромна прымаў непрыстойныя васальныя позы перад крамлёўскімі гаспадарамі. Пасьля таго, як яго ськінула насельніцтва, гаспадары ўзялі яго на працу (з шалёнай зарплатай) ў гаспрамаўскую структуру. Ягоная наступніца Мэркель, нягледзячы на іншую нібыта партыйную прыналежнасьць, з гатоўнасьцю пайшла сьлядамі свайго папярэдніка і заключыла пакт з Пуціным аб падзеле сфэраў уплыву ў Эўропе (“Томскія пагадненьні”). Вырысоўваецца жудасная карціна. Мы часта з трывогай разважалі аб тым, што наша дарагая Беларусь у выніку нямецка-расейскага хаўрусу сталася разьменнай манэтай у руках дзялкаў, зацікаўленых у ліквідацыі нашай Дзяржавы і эксплуатацыі нашага народу ў сваіх інтарэсах. Аказваецца, што сама Нямеччына ўжо зрабілася закладніцай маскоўскага капіталізму-імпэрыялізму. І славутыя сваёй цьвярозасьцю немцы нават ня бачаць гэтага! За сёньняшнімі гэшэфтамі і дробным выгадніцтвам яны ня бачаць, у якую яму ўвальваюцца яны разам са сваім фатэрляндам.
Валеры Буйвал