КАНФЛІКТ ХАЎРУСЬНІКАЎ НА ФОНЕ АНТЫБЕЛАРУСКІХ РЭПРЭСІЯЎ (ІНФАРМАЦЫЯ СОЙМУ БНФ)

Канфліктная сітуацыя, якая разыгрываецца цяпер паміж антыбеларускім рэжымам у Беларусі і лубянскай уладай у Маскве, ёсьць адлюстраваньнем узмацненьня расейскай палітычнай агрэсіі супраць Беларусі. Крамлёўская ўлада дэманструе здольнасьць ісьці напралом.

Такім чынам элемэнт гульні і фальшывасьць Лукашэнкі відавочныя. Пагражаючы расейцам зрывам іхных плянаў, рэжым Лукашэнкі раскручвае адначасна масавы перасьлед і рэпрэсіі супраць беларускай моладзі. Рэжым цяпер ня толькі працягвае, але і ўзмацняе палітыку этнацыду. Гэта якраз сьведчыць пра рэальны зьмест рэжымных дзеяньняў і пра рэальныя ягоныя пляны.

Адбываецца жорсткае супроцьстаяньне ў лягеры антыбеларускіх саюзьнікаў. Гэта барацьба за ўласныя прыярытэты і за ўласныя мафійныя інтарэсы. Лукашэнка не змагаецца за беларускі народ, за Беларусь і за сувэрэнітэт. Калі б гэта была рэальная незалежніцкая палітыка, то павінны б былі зьнікнуць антыбеларускія рэпрэсіі. Фальшывасьць рэжымнай рыторыкі відавочная.

Аднак канфлікт паміж Масквой і яе сатрапам раэльны. Скончыцца ён кампрамісным рашэньнем па коштах газу, пагаршэньнем умоваў для беларусаў і далейшым супольным зьнішчэньнем жыцьцёвасьці беларускай нацыі.

Тэарэтычна існуе варыянт перарастаньня супроцьстаяньня хаўрусьнікаў у жорсткія дзеяньні, у якія ўцягнуць беларускае грамадзтва. Але беларусы павінны памятаць прапісаныя ісьціны: першасным і галоўным заўсёды ёсьць незалежнасьць, сувэрэнітэт і свабода Беларусі, а потым ужо лёс сатрапаў і ўсё астатняе. Прыватны канфлікт паміж Лукашэнкам і Масквой не павінен падзяляць наша грамадзтва. Абарона незалежнасьці і адзінства супраць імпэрыялізму Расеі аўтаматычна вылучыць потым антыбеларускі рэжым ва ўнутраную праблему і гэтая праблема будзе вырашана тады самымі беларусамі бяз удзелу Масквы (і Брусэля).

Спыніць масавыя рэпрэсіі супраць беларускай моладзі і беспрычынныя арышты маладых беларусаў — галоўная задача бягучага моманту.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

8 кастрычніка 2006 г.

Менск