КАСТРЫЧНІЦКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

8 кастрычніка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ “Мы ведаем, што нам рабіць” (публікуецца).

З дакладамі аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступілі сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, і сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра рэпрэсіі антыбеларускага рэжыму супраць беларускай моладзі, аб правакацыях, арыштах і перасьледзе за беларускае слова і патрыятычную пазіцыю. Прамаскоўская псэўдаапазіцыя ўсё больш актыўна заклікае грамадзтва на “мясцовыя выбары”, якія рыхтуе рэжым. Прадстаўнікі псэўдаапазіцыі ў рэгіёнах спрабуюць мабілізаваць палітычна актыўную моладзь дзеля выкананьня чарговага антыбеларускага праекта, разважаюць аб магчымасьці зарабіць грошы. Вельмі важна данесьці да беларускаў праўду аб праекце Масквы і яе кліентуры ў Беларусі, каб не дапусьціць чарговага акту дэмаралізацыі нашага грамадзтва, каб дзялкі-прагматыкі ў чарговы раз не завялі наш народ у тупік, заклікаючы “ісьці на выбары і сказаць сваё “Не” дыктатуры”. Былі абмеркаваны і прыняты Інфармацыя Сойму БНФ “Канфлікт хаўрусьнікаў на фоне антыбеларускіх рэпрэсіяў” і Заява “Салідарнасьць з Грузіяй і свабодай” (публікуюцца).

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

8 кастрычніка 2006 г.