ВЫНІКІ ВЫБАРАЎ У АЎСТРЫІ
1 кастрычніка стала вядома пра перамогу левых на парляманцкіх выбарах у Аўстрыі. Перамога нечаканая, бо цяперашні права-цэнтрысцкі ўрад на працягу апошніх 10 гадоў упэўнена вёў краіну, дасягаючы стабільнага эканамічнага росту. Што ж, гэта ёсьць адзін з кур'ёзаў заходняй дэмакратыі. Тэлеканалы прадэманстравалі дзіўныя сцэны радасьці ў штабе сацыял-дэмакратаў. Маладыя людзі, абвешаныя яркай чырваньню, даведаўшыся аб выніках выбараў, раптам узяліся за рукі і засьпявалі “Інтэрнацыянал”. Можа гэта проста рытуальнае шаманства пра “кто был нічем, тот станет всем...”? Хутчэй за ўсё венскія камсамольцы не пачнуць на наступным тыдні раскулачваньне сялянства і культурную рэвалюцыю, не заменяць помнік імпэратрыцы Марыі-Тэрэзіі на манумэнт Леніна і не пераймянуюць Вену ў Карл-Маркс-Штадт. Але разумным і сумленным людзям, якія вераць у Хрыста і хочуць дабра сваёй радзіме, усё ж павінна стаць трывожна на душы.
Ужо былі тут адны з “Інтэрнацыяналам”. Васіль Быкаў распавёў нам у сваіх апавяданьнях пра вырадкаў з НКВД, якія дзейнічалі за плячыма жаўнераў, што вызвалялі Аўстрыю ад фашызму. Лубянская гадзіна з 1945 па 1955 г. займала палову тэрыторыі Аўстрыі, трымала за горла народ, абкрадала краіну, зьнішчыла тысячы людзей. І ўсё гэта адбывалася пад чырвонай сымволікай ды пад сурдзінку “Інтэрнацыяналу”. Нешта кароткая памяць у аўстрыйцаў. Кароткая памяць у Эўропы, якая легкадумна гуляецца ў левізну і хаўрусьнічае з Крамлём.
Юрка Марозаў