“ДЭМХАЛЯВА” НЕ БЯСКРЫЎДНАЯ СПРАВА

Паводле інфармацыі радыё Свабода ў Берасьці хочуць стварыць “праэўрапейскую” грамадзкую арганізацыю. У часе адукацыйнага сэмінару для маладых актывістаў прамаскоўскай Аб'яднанай грамадзянскай партыі й Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) была агучаная ідэя стварэньня новай арганізацыі, якая будзе распаўсюджваць веды пра “эўрапейскія каштоўнасьці”.

Плянуецца, што новая ініцыятыва будзе існаваць па-за партыяй і спрыяць распаўсюду ў беларускім грамадзтве пазытыўнага досьведу Эўрапейскага Зьвязу ў эканоміцы, правах чалавека, мясцовым самакіраваньні, разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці.

Усе гэтыя фокусы з так званай “халяўнай дэмакратыяй” добра вядомыя. І справа нават не ў чужых грошах за “каштоўнасьці”. Справа ў тым, што гэтыя каштоўнасьці (асабліва што датычыць культуры) ўжо моцна апаганеныя, перакручаныя і сапсаваныя эўрапейскімі сацыял-лібэраламі і ня вытрымалі гістарычнага выпрабаваньня. Эўропа ўжо па горла стаіць у гэтых збочаных “каштоўнасьцях” і ня ведае што рабіць, каб не ўтапіцца. Апошнім часам крызыс эўрадэмакратыі разьвіваецца вельмі хутка. Вынікі яго можна прадбачыць. Цяпер беларусам небясьпечныя іхныя хворыя разуменьні, бо неабходна абараняць дэмакратыю ня толькі ад Лукашэнкі ды Лубянкі, але і ад эўрапейскай лібэральнай скрыўленасьці і ад іхняй цывілізацыйна-заганнай палітыкі.

4.X.2006. Тамаш Ракса