БЕРАСЬЦЕ: З ТЭЛЕЭФІРУ ЗЬНІКЛІ БЕЛАРУСКАМОЎНЫЯ НАВІНЫ

Ад пачатку новага сэзону на дзяржаўным тэлебачаньні зьніклі выпускі рэгіянальных навінаў на беларускай мове.

Раней на тэлеканале “Лад” берасьцейскія журналісты рыхтавалі пяць выпускаў навінаў штодня — і выключна на беларускай мове. Ад гэтага тыдня колькасьць эфірнага часу скарацілася: на тэлеканале “Лад” выходзіць толькі адзін выпуск рэгіянальных навінаў Берасьцейшчыны, яшчэ два трансьлююцца на Першым канале (былым БТ).

Акрамя скарачэньня эфірнага часу, зьмянілася і мова, на якой рыхтуюцца сюжэты для выпуску рэгіянальных навінаў: цяпер яны робяцца па-расейску.

Яшчэ адзін берасьцейскі канал “Буг-ТБ” ад самага пачатку сваёй дзейнасьці рыхтуе выпускі навінаў выключна на расейскай мове.

(Паводле радыё Свабода)