“ЦМОК” РЫХТУЕ ЧАРГОВУЮ ВАЙНУ НА КАЎКАЗЕ

29 верасьня 2006 г. Латвійская газэта “Diena” піша пра арышты расейскай шпіёнскай сеткі грузінскімі спэцслужбамі. Даведаўшыся аб хапуне ў Тбілісі і іншых месцах каўказкай краіны, расейскія начальнікі пачалі рабіць пагрозьлівыя заявы. Грузінскія ўлады паведамляюць, што шпіёнская сетка ў асноўным сачыла за адносінамі паміж Грузіяй і НАТО. Сетка рыхтавала маштабныя правакацыі.

Наш камэнтар: Даўно ўжо легітымныя ўлады не лавілі столькі расейскіх шпіёнаў адным махам. Грузінская дзяржава бароніцца ад монстра, які запусьціў свае кіпцюры ў цела маленькай краіны і спадзяваўся лёгка зьнішчыць яе. Эх, як зарычэлі крамлёўскія начальнікі, колькі злосьці ў іхным рыку. Правалілася маскоўская апэрацыя, што пачыналася з грузінскіх мінэральнай вады і віна, забароненых у Расеі. А можа сапраўды з “зачысткі” у Грузіі пачаўся працэс ачышчэньня нашай плянэты ад лубянскай гнюснасьці?

***

1 кастрычніка 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” дае рэпартаж з Масквы. Польскі журналіст паведамляе, што ў паветры адчуваецца падрыхтоўка да антыгрузінскіх пагромаў у Расеі. Актывізаваліся расейскія генэралы. Міністар абароны РФ Іваноў пагражае Грузіі “адэкватнымі мерамі”. Генэрал Радзівонаў прапануе спыніць грашовыя плыні для грузінаў, якія працуюць у Расеі. Гэта той самы Радзіёнаў, пад камандай якога ў красавіку 1989 г. расейскія войскі пасеклі сапёрнымі рыдлёўкамі ў Тбілісі жанчын (дзесяткі забітых і параненых). Генэрал Івашоў прапануе вытурыць грузінаў, што працуюць (і зарабляюць грошы) у Расеі.

Эвакуацыя супрацоўнікаў амбасады РФ у Тбілісі, канцэнтрацыя расейскіх войскаў на мяжы — усё гэта ёсьць тыповымі прыкметамі падрыхтоўкі да вайны супраць Грузіі. Расейцы ўжо аб'явілі эканамічную блякаду Грузіі, спынілі транспапртную і паштовую сувязь. У сённьняшнім сьвеце гэтакія паводзіны проста дзікунскія, парушэньне ўсіх нармальных міжнародных нормаў. Фактычна вайну супраць Грузіі ўжо пачалі. Падзеі яскрава паказваюць на сярэднявечны узровень думаньня крамлёўскай улады, на ейны авантурызм, безадказнасьць і на пагрозу для вольных краінаў.

Наш камэнтар: Праз 60 гадоў пасьля Нюрнбэргскага трыбунала беспакараны расейска-фашыстоўскі злачынны рэжым працягвае сваю антычалавечую дзейнасьць. Народы павінны ўрэшце аб'яднацца супраць гэтага ашалелага цмока і забясьпечыць мір і спакой у Эўропе і ў цэлым сьвеце.

Юрка Марозаў