МАСКВА І САЎДЭПІЯ — ГАЛОЎНЫЯ САЎДЗЕЛЬНІКІ ГІТЛЕРСКАГА РЭЖЫМУ

1 кастрычніка 2006 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” прыгадвае, што роўна 60 гадоў таму, 1 кастрычніка 1946 г. завяршыўся Нюрнбэргскі міжнародны трыбунал, былі вынесены прысуды нямецка-фашыстоўскім злачынцам. Ніхто з абвінавачваемых не прызнаўся да віны. Іх абвінавацілі ў злачынствах супраць чалавечнасьці. 12 паплечнікаў Гітлера павесілі. Старшыня гітлерскай арганізацыі “Рабочы фронт” Г. Лей павесіўся ў сваёй каморы падчас працэсу. Адзін з галоўных гітлерскіх бонзаў Г. Герынг атруціўся ў турме пасьля вынясеньня сьмяротнага прысуду. Працэс працягваўся 218 дзён. Выступілі тысячы сьведкаў і былі прадэманстраваны сотні тысячаў матэр'ялаў аб злачынствах фашыстоўскага рэжыму.

Наш камэнтар: Савецкая, а цяпер расейская прапаганда пазьбягаюць згадкі пра выступы нямецкіх генэралаў і дзеячаў рэжыму. Шэраг з іх расказвалі на працэсе пра актыўную дапамогу СССР у станаўленьні, падрыхтоўцы і ўзбройваньні нямецкай арміі, гітлерскіх тэрарыстычных спэцслужбаў, пра патаемныя пратаколы Пакту Молатава-Рыбентропа (на самай справе Пакту Нямеччына-СССР), што быў накіраваны супраць заходніх краінаў і ўсяго чалавецтва.

Сьведкі распавядалі таксама пра падрыхтоўку Сталіным нападу на нямецкія войскі ўлетку 1941 г., пра канцэнтрацыю мільёнаў савецкіх войскаў у некалькіх сотнях мэтраў ад мяжы, што падзяляла тады немцаў і саветы. Гітлер проста на некалькі дзён апярэдзіў сталінскі напад (“освободітельный поход протів мірового капітала до самого Ла-Манша”). Такіх сьведкаў на трыбунале выслухоўвалі і рабілі выгляд, што яны нічога такога і не сказалі. Цяпер многія ў сьвеце зразумелі, што Масква і саўдэпія былі галоўнымі саўдзельнікамі гітлерскага рэжыму. Беларусы і іншыя падсавецкія народы, народы ўсяго сьвету былі ахвярамі двух монстраў, падпальшчыкаў сусьветнай вайны. Але ў Нюрнбэргу быў асуджаны толькі гітлерызм. Міжнародны трыбунал над расейскім фашызмам, над даўнімі і цяперашнімі ягонымі бонзамі-злачынцамі адбудзецца ў недалёкай будучыні, калі канчаткова абваліцца антычалавечая маскоўская імпэрыя.

Юрка Марозаў