АДКАЗНАСЬЦЬ І САЛІДАРНАСЬЦЬ

Нядаўна ў адной з дыскусіяў у Інтэрнэце, датычнай публікацыі ў АРХЭ матэрыялаў пра зьбіцьцё ў залі парляманту дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліаньня, Сяргей Навумчык выказаў такія меркаваньні:

“З самага пачатку мяне насьцярожыла просьба даць ацэнкі калегам па парляманцкай Апазыцыі. Асабістыя ацэнкі Пазьняку, Голубеву, Баршчэўскаму, Садоўскаму, Беленькаму, Папкову, Трусаву і іншым калегам па Апазыцыі БНФ лічу магчымым даваць толькі пасьля таго, як у грамадзкай сьвядомасьці гэтыя асобы зоймуць месца, належнае палітыкам, якія аднавілі Незалежнасьць дзяржавы, і якое падобныя пэрсоны звычайна займаюць у іншых краінах. Вось калі гэтыя асобы будуць палітычна кананізаваныя, калі зьявяцца на паштовых марках ці грашовых купюрах — тады можна будзе напісаць, хто мог занадта імпульсіўна паспрачацца, хто быў занадта патрабавальны, хто менш, хто мог выпіць лішнія сто грамаў і г.д. Ва ўсялякім разе, пакуль гэтыя людзі абліваюцца брудам і ў афіцыйным друку і ў неафіцыйным — ніхто не пачуе ад мяне ні слова адносна іх асабістых якасьцяў.”

Думкі, якія сфармуляваў Сяргей Навумчык — гэта вельмі правільная і разумная пазыцыя ў існуючых абставінах. Мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня, мусім памятаць пра сваю адказнасьць перад гісторыяй, адзін перад адным і перад справай, якая воляю лёсу стала галоўнай ў нашым жыцьці. Мы павінны разумець, што абплёўваньне, паніжэньне і затоптваньне нашай дзейнасьці ёсьць адна з прыярытэтных задачаў антыбеларускага рэжыму, якая робіцца (і будзе рабіцца) рознымі мэтадамі і рознымі людзьмі.

Ніхто лепш за нас ня ведае Лукашэнку і усю гэтую публіку з нашага Вярхоўнага

Савета, якая служыць цяпер рэжыму ды прыкідваецца “дэмакратамі”. Ня будзем губляцца перад ціскам, словаблудзтвам, паніжэньнем і хлусьнёй. Нашая салідарнасьць, пачуцьцё абавязку і ўсьведамленьне сваёй ролі павінна быць вышэй. Кожны рэжым мае свой канец. Скончыцца русіфікацыя і цемрашальства, вернецца павага і справядлівасьць. І нішто добрае, сьветлае, справядлівае не загіне.

Зянон Пазьняк

30 верасьня 2006 г.