ЗАХОДНЯЯ БЮРАКРАТЫЯ СЬПІНОЙ ДА БЕЛАРУСІ

Вось іхняя палітычка, як у люстэрку. Абдымкі з Масквой да дабра не прыводзяць.

Паводле рашэньня Рады Эўразьвязу, ад 1 студзеня 2007 году маюць павялічыцца да 60 эўра кошты на візы ў краіны Эўразьвязу для гэтак званых “трэціх краінаў”, у тым ліку для Беларусі.

Цікава, што ў Летуве гэтае “рашэньне” ўспрынялі нэгатыўна. Міністар замежных справаў Летувы П. Вайцякунас заявіў: “Эўрапейская цывілізацыя дасылае гэткім чынам нэгатыўны сыгнал — ня толькі ўрадам, але й кожнаму чалавеку з краінаў па-за межамі Эўразьвязу. Гэта як бы паказвае, што Эўропа паварочваецца сьпіной да сваіх суседзяў”.

Зразумела, што Зах. Эўропа робіць такім чынам заслон для простых беларусаў, каб яны ня езьдзілі на заробкі на Захад, а кіраваліся ў Расею. Гэта ўсё вынікі новага сэпаратнага маскоўска-нямецкага пакту Мэркель-Пуціна заключанага ў Томску, паводле якога немцы згадзіліся, што Беларусь і Украіна становяцца сфэрай расейскіх інтарэсаў. Гэтым тлумачыцца і нязносна цяжкая (часта прыніжальная) працэдура атрыманьня візаў для беларусаў у заходнія краіны. Гэта удар таксама па Беларускаму нацыянальна-дэмакратычнаму Адраджэньню. Зразумела, што ад неверагодна высокіх коштаў на візы не пацерпіць ні рэжым Лукашэнкі, ні ягоная скарумпаваная псэўдаапазыцыя, якая бадзяецца па Бэрлінах ды Брусэлях на сродкі тых жа эўранемцаў.

Ёсць аднак надзея, што нашыя балтыйскія і польскія суседзі і сябры не пагодзяцца з рашэньнем брусэльскай бюракратыі.

Тамаш Ракса