ПАКТ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСІ
Вось “Парыж — Бэрлін — Масква” зноў плянуе свае дзеяньні. 23 верасьня ў Парыжы сабраліся Шырак, Пуцін і Мэркель. Гаспадар, а за ім і госьці ў сваіх прамовах пераконвалі эўрапейцаў, што яны “не ствараюць нейкі адмысловы хаўрус супраць іншых народаў, ня дзейнічаюць насуперак інтарэсаў трэціх краінаў”. У чарговы раз дзьве галоўныя дзяржавы Эўразьвязу вадзілі карагод з крамлёўскім начальнікам. Ды ўсё на тую ж тэму: нафта і газ. Крамлёвец трымаўся ўпэўнена і лагодна запэўніваў, што “энэрганосьбіты будуць паступаць на Захад”. Шырак так узрадваўся, што павесіў на Пуціна ордэн Ганаровага Легіёна. Вышэйшы ордэн Францыі атрымаў арганізатар масавага забойства дзяцей у Беслане.
Французкае грамадзтва маўчыць. Хаця што там, у 1970-80-я гады тадышні прэзыдэнт Францыі Д'Эстэн публічна абдымаўся і прымаў ў падарунак брыльянты ад Бакасы. Гэты дыктатар з Цэнтральнай Афрыкі ня толькі кідаў палітычных апанэнтаў у басэйн з кракадзіламі і еў чалавечае мяса, але таксама пэрсанальна назіраў, як па ягоным загадзе жаўнеры на турэмным двары расстрэльвалі з кулямётаў школьнікаў, арыштаваных падчас дэманстрацыі пратэсту. Так што з лубянцам сапраўды можна спакойна ручкацца: ён есьць рэстаранную ежу, у Беслане ніколі ня быў, нічога ня бачыў, асабіста нікога не пакрыўдзіў.
Па выніках сустрэчы “трох галоўных эўрапейцаў” у Камп'ене пад Парыжам практычна нічога не вядома. Нам зразумела, аднак, што яны абмяркоўвалі таксама праблему з адной “транзітнай краінай” — а менавіта з нашай Беларусяй, якую яны плянуюць зьліквідаваць у наступным годзе агульнымі расейска-нямецка-французкімі намаганьнямі, каб забясьпечыць беспраблемную пастаўку нафты-газу з Сібіры, дзе павінны ўкалваць на рудніках і сьвідравінах беларускія рабы.
Успомнім, аднак, што аднойчы ўжо мястэчка Камп'ен было сьведкам сур'ёзнай паразы парыжскага эстэблішмэнту і раўнадушнага французкага грамадзтва, якія ў 1938 г. з лёгкасьцю аддалі Гітлеру тадышнія “транзітныя краіны” Чэхаславаччыну і Аўстрыю ды спадзяваліся на камфортнае існаваньне на чужой народнай бядзе. Вельмі хутка, ужо ў 1940 г. бяда прышла і ў французкі нацыянальны дом. Пасьля ганебнага разгрому, пасьля нямецкага бліц-крыгу французкія міністры і генэралы менавіта ў Камп'ене падпісалі капітуляцыю сваёй краіны. Але ў заходнікаў, мабыць, праблемы з гістарычнай памяцьцю.
***
25 верасьня 2006 г. Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” піша на тэму нядаўняй сустрэчы Пуціна-Шырака-Мэркэль у французкім Камп'ене. Мэркэль заявіла на сустрэчы, што расейска-эўрапейскае супрацоўніцтва павінна грунтавацца на тым, “што мы зьяўляемся надзейнымі партнёрамі”. Мэркэль згадала таксама, што іхнія дамоўленасьці не накіраваныя супраць Польшчы і балтыйскіх краінаў. (Цікава, а як жа “супраць” Беларусі і Украіны?). Пуцін даў шэраг абяцанак. Ён дапусьціць французаў з немцамі да распрацоўкі вялікіх газавых радовішчаў на дне Баранцава мора, якімі цяпер карыстаюцца РФ і ЗША, а таксама ня будзе адбіраць ліцэнзію у французкай фірмы, якая цяпер здабывае газ у Сібіры. Масква будзе цяпер разам з Эўропай разьвіваць касьмічную дзейнасьць. А французкі канцэрн будзе будаваць супэрсучасную дарогу з Масквы ў Пецярбург.
Наш камэнтар: Адным словам, суладдзе інтарэсаў і поўны дэтант. Толькі вось цікава, хто гэта даваў права Парыжу і Берліну выступаць ад імя ўсяе Эўропы на перамовах з крамлёўскім начальнікам? Мы нават з Брусэля ня чулі пра такі афіцыйны мандат. Справа пахне Нюрнбэргам 1938 года, калі абмежаванае кола заходніх лідэраў аддала ў пашчу нямецкім фашыстам Аўстрыю і Чэхаславаччыну. Не выпадкова ў Камп'ене Мэркэль так настойліва запэўнівала Польшчу і прыбалтаў, што ўсё гэта ня супраць іх. Пра беларусаў і украінцаў у каторы раз не згадаў ніхто. Падзел Эўропы на сфэры ўплываў і акупацыяў працягваецца. Толькі ў адрозьненьні ад Мюнхена 1938 года усё “чінно і благородно”, усе ў белых пальчатках і ніхто не крычыць “Хайль!”.
***
25 верасьня 2006 г. Французкая газэта “Le Figaro” таксама перадае з Камп'еня. Пуцін запэўніваў французаў і немцаў у надзейнасьці расейскіх партнёраў: “Мы забясьпечваем Эўропу энэргіяй, а атрымліваем грошы на разьвіцьцё эканомікі”. Мэркэль заявіла: “Сустрэча не накіравана ні супраць Польшчы, ні супраць ЗША...” “Гэта так.” — гукнуў сьледам за ёю Шырак.
Наш камэнтар: Усе газэты пра тое, як перад лубянскім Хлестаковым апраўдваліся заходнія Бобчынскі з Добчынскім. Ну, сапраўды, пра якія гэта “грошы на разьвіцьцё расейскай эканомікі” распавядаў Пуцін заходняй публіцы? Ведаем цудоўна мы, ведаюць і яны, што ніякога эканамічнага разьвіцьця ў РФ няма, што шалёныя грошы пад нафтавую кан'юнктуру раскрадаюцца крамлёўска-лубянскай дзяржмафіяй або кідаюцца на разьвіцьцё зброі масавага зьнішчэньня ды на тэрарыстычную вайну супраць таго ж Захаду. У каторы ўжо раз чарговыя заходнія лідэры ламаюць камэдыю на тэму “надзейнай і дэмакратычнай Расеі” перад эўрапейскай публікай. Колькі яшчэ будзе паўтарацца гэты антынародны спэктакль? Няўжо ніколі не засьвішча заля, вытурваючы са сцэны цынічных і расперазаных салістаў?
Валеры Буйвал