ШВАЙЦАРЫЯ АБАРАНЯЕЦЦА
24 верасьня 2006 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” публікуе артыкул “Ксэнафобія непакоіць ААН”. Кіраўніцтва Швайцарыі вынесла на рэфэрэндум новы закон аб азылю (прытулку) і аб замежніках у гэтай краіне. Ад ААН з камэнтарамі выступіў чыноўнік-юрыст Жан Цыглер. Ён кваліфікаваў новы швэйцарскі закон як “расістоўскі і ксэнафобскі”. Справа ў тым, што Швайцарыя (маленькая пяцімільённая краінка) зьбіраецца абмежаваць прыток шукальнікаў азылю і больш актыўна выпраўляць іх па-за свае дзяржаўныя межы.
Наш камэнтар: У іншых СМІ на гэтую тэму паведамляецца, што ў Швайцарыі пражываюць, аказваецца, 28% замежнікаў-азылянтаў ад агульнай колькасьці насельніцтва краіны. Ці не занадта для невялікай краіны? Як гэта магло здарыцца ў Швайцарыі, якая апантана прытрымліваецца ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў тактыкі нэйтралітэту і нават ізаляцыі?
Звычайнаму беларусу практычна немагчыма патрапіць у Швайцарыю ў турыстычную паездку, на вучобу або працу. А як жа патрапілі туды сотні тысячаў асобаў з Азіі і Афрыкі? Зразумела, што яны перасяклі межы краіны (якая ня мае выйсьця да мора) нелегальна праз тэрыторыю Францыі, Аўстрыі, Італіі, Нямеччыны (куды патрапілі таксама нелегальна). Вядома, што нелегальнымі плынямі імігрантаў з экзатычных краінаў кіруюць за вялікую плату ад гэтых людзей шматлікія мафійныя банды (нядаўна адну такую ліквідавалі нават у Польшчы). Бізнэс квітнее. Камэнтуючы швайцарскі рэфэрэндум, тэлеканалы розных краінаў дэманструюць перапоўненыя афрыканцамі і азіятамі швэйцарскія лягеры для імігрантаў. Краіна ўжо задыхаецца ад гэтага нашэсьця. Насельніцтва і талковыя палітыкі патрабуюць прыярытэтных адносінаў з эўрапейскімі краінамі, адкуль маглі б прыязджаць работнікі на працоўныя месцы ў Швайцарыі. А акакіі акакіевічы з канторы Кофі Анана ўсё балмочуць пра сваё...
Валеры Буйвал