ЗАГАДАНА БОЛЬШ НЕ ЗАЙМАЦЦА КАРУПЦЫЯЙ
23 верасьня 2006 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” публікуе артыкул пад тытулам “Ультыматум Румыніі”. Маецца на ўвазе патрабаваньне Эўразьвязу, выстаўленае з Брусэлю Румыніі і Баўгарыі: да 1 студзеня 2007 г. (калі іх прымуць у склад ЭЗ) павінна быць скончана з карупцыяй. У Румыніі ўжо пакаралі і адправілі ў адстаўку 16 генэралаў і 6 дэпутатаў парляманту. “Цяпер аніводзін карупцыянэр ня будзе пачувацца спакойна”. — запэўніваў нарвэжскага журналіста М. Зарые, начальнік новастворанага антыкарупцыйнага дырэктарату.
Наш камэнтар: Нешта да болю знаёмае ёсьць ва ўсіх гэтых плякатах румынскай стаханаўшчыны: “Пяцігодку ў чатыры гады!” на новы лад. На поўным сур'ёзе Брусэль прапануе дзьвюм посткамуністычным краінам злавіць усіх карупцынэраў на працягу наступных трох месяцаў. І сьмех і грэх. У выпадку посьпеху “апэрацыі” Эўразьвяз і Нарвэгія абяцаюць выдаткаваць на дзьве (трэба прызнаць) дастаткова слабаразьвітыя ў эканамічным сэнсе краіны вялікія грошы. Цікава, што гэтыя манілаўска-стаханаўскія пляны імклівай эўрапеізацыі Румыніі з Баўгарыяй Заходняя Эўропа рэалізоўвае на фоне дамоўленай з Масквой здачы Беларусі і Украіны ў расейскую імпэрыю. Можна не сумнявацца, што мітусьлівых эўрапалітыкаў чакае поўны правал і раскраданьне эўрагрошай. Але што ім? Грошы ж ня іхнія, а заходніх падаткаплацельшчыкаў.
Валеры Буйвал