ПАЧЫНАЮЦЦА МАСАВЫЯ РЭПРЭСІІ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ

Імітуюць “барацьбу з тэрарызмам”

Рэжым завёў крымінальную справу супраць моладзевых актывістаў незарэгістраванай арганізацыі Малады Фронт. Паплечнікі кіраўніка фронтаўскай моладзі Зьмітра Дашкевіча даведаліся аб тым, што яму выставілі афіцыйнае абвінавачаньне ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Зьмітру, а таксама Сяржуку Лісічонку і Алегу Корбану пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі.

5 верасьня Зьмітра Дашкевіча арыштавалі пад час допыту ў беларускай пракуратуры. Да суду яго трымаюць у сьледчым ізалятары на Валадарскага ў Менску. Нагадаем: у часе выбарчай кампаніі крымінальныя справы супраць актывістаў “Маладога фронту” распачалі супрацоўнікі Камітэту барацьбы з тэрарызмам (якая фальш і якая нізкасьць!) У раённых пракуратурах апыталі дзесяткі сьведак.

***

Навучэнец адлічаны зь ліцэю

Адміністрацыя 1-га магілёўскага ліцэю змусіла бацькоў вучня 11-й клясы, актывіста моладзевага руху Максіма Азарава спыніць навучаньне. Бацькам заявілі: калі яны самі не забяруць дакумэнтаў, іхнага сына адлічаць з дысцыплінарных меркаваньняў.

14 верасьня Максіма Азарава разам з дваццацьцю моладзевымі актывістамі затрымалі міліцыянты ў двары прыватнага дому, дзе актывісты праводзілі сход. Супрацоўнікі міліцыі дзьве гадзіны высьвятлялі ягоную асобу.

Са словаў Максіма Азарава, менавіта затрыманьне і стала фармальнай нагодай для адміністрацыі, каб адлічыць яго. Максім кажа, што яшчэ чацьвярых вучняў ліцэю, якіх затрымалі 14 верасьня, адміністрацыя папярэдзіла.

***

“Пагоня” на пашпарце. Выезд забаронены!

25 верасьня пры даглядзе ранішняга цягніка “Гомель–Чарнігаў” лукашысцкія памежнікі забаранілі выехаць за мяжу грамадзкаму актывісту Сяргею Сямёнаву

Сямёнаў: “Зьнялі за тое, што на маім пашпарце на першай старонцы наклееная выява “Пагоні”. Заявілі, што з такой налепкай пашпарт зьяўляецца несапраўдным. Між тым, я ўжо амаль дзесяць гадоў ежджу (а апошнія паўгоду — вельмі часта) ва Ўкраіну, і ніякіх пытаньняў да сёньня не было, нават ніякіх заўвагаў. Я папрасіў памежнікаў даць пісьмовы адказ, але яны адмовіліся гэта зрабіць. У кнізе скаргаў і прапановаў я напісаў, што ўсё-такі патрабую даць адказ. Кнігу мне далі, але за гэта давялося шмат паспрачацца”.

Сяргею Сямёнаву 24 гады. Ён сябра рэгіянальнай грамадзкай арганізацыі “Гарт”, дзейнасьць якой забаранілі ўлады. У 2005 годзе Сяргей быў адлічаны з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту. Як даводзіць моладзевая актывістка Юлія Сівец, цяперашнія непрыемнасьці — таксама вынік перасьледу:

Сівец: “Яму нядаўна яшчэ папярэджаньне выдалі за дзейнасьць у незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі. Мяркую, што ёсьць такі сьпіс. Гамельчукоў часта ссаджвалі, калі, напрыклад, яны пераяжджалі празь беларуска-літоўскую мяжу.

Сяргей Сямёнаў накіраваў пісьмовы запыт у Дзяржаўны камітэт памежных войскаў Беларусі. Заяўнік просіць патлумачыць, ці зьяўляецца налепка ў пашпарце падставай прызнаць пашпарт несапраўдным.

(Паводле радыё Свабода)