НАЦЫЯ ШАНУЕ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ЛІДАРАЎ
22 верасьня 2006 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” публікуе артыкул прысьвечаны каралеве Нідэрляндаў Вільгэльміне. Яна ўступіла на трон маладзенькай дзяўчынай у 1898 г. і кіравала краінай на працягу 50 гадоў. Славу і народную любоў прынесьлі ёй, аднак, гады супраціву нямецкай акупацыі. У траўні 1940 г. Вільгэльміна разам з урадам вымушана была пакінуць Нідэрлянды, разгромленыя фашыстоўскімі захопнікамі, і ад'ехаць у эміграцыю ў Лёндан. Тамака яна арганізавала кіраўніцтва рухам супраціву акупантам на радзіме, а таксама аддзелы нідэрляндскай арміі і флёту, якія змагаліся супраць немцаў і японцаў у складзе антыгітлераўскай кааліцыі. У рэгулярных радыёвыступах “Маці Айчыны”, як яе называў народ, натхняла нацыю на барацьбу і надавала мільёнам людзей веры ў перамогу над ворагам.
Наш камэнтар: Шырокай публічнасьці больш вядомая гісторыя генэрала Дэ Голя, які менавіта ў эміграцыі, у Лёндане арганізаваў супраціў нямецкай акупацыі ў роднай Францыі, нават стварыў на чужыне шматтысячную армію “Вольнай Францыі”. У Лёндане падчас Другой сусьветнай вайны дзейнічалі шэраг эўрапейскіх легітымных урадаў: Нідэрляндаў, Польшчы, Бэльгіі, Грэцыі, Даніі, Нарвэгіі, Чэхіі. Нямецкія акупанты панастваралі ў гэтых краінах марыянэткавыя прафашыстоўскія рэжымчыкі, якія паслухмяна выконвалі загады ворагаў чалавецтва. Гэтыя ж рэжымчыкі абвясьцілі ворагамі народу генэрала Дэ Голя і іншых патрыётаў, што арганізоўвалі ў эміграцыі антыфашыстоўскі супраціў. На гэтых патрыётаў былі заведзеныя крымінальныя справы, а на памежных пунктах ляжаў загад: “пры спробе перасекчы мяжу — арыштаваць...” Фашыстоўская прапаганда ў акупаваных краінах надрывалася крыкам: “А гэтыя паўцякалі ў Лёндан! Ядуць салодкія булкі на эміграцыі! Няхай бы вярнуліся сюды!..” Але паняволеныя фашыстамі народы разумелі, хто зьяўляецца сапраўдным абаронцам незалежнасьці і свабоды. Пасьля вызваленьня ў 1944-45 гг. народы з кветкамі і нацыянальнымі сьцягамі сустракалі Дэ Голя, Вільгэльміну і іншых нацыянальных лідэраў. Тады ж адбылося суровае пакараньне мясцовых прыслужнікаў акупантаў.
Валеры Буйвал