ВЕЛЬМІ ТРЫВОЖНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ
На пачатку лета прамаскоўскі рэжым выступіў з чарговай творчай ініцыятывай. Сотні турыстычных фірмаў і фірмачак РБ атрымалі загад “разьвіваць унутраны турызм для замежнікаў”. Шклоўцы вызначылі нават дапушчальныя прапорцыі. Цяпер, каб не адабралі ліцэнзію, турфірма павінна прывезьці ў Беларусь ня менш як 20% замежных турыстаў ад колькасьці беларускіх грамадзянаў, вывезеных на экскурсіі і адпачынак за мяжу.
Задача аказалася надзвычай цяжкай. Арганізаваная Масквой і яе шклоўскімі марыянэткамі ізаляцыя Беларусі ад навакольнага сьвету даўно ўжо даецца ў знакі нашай краіне. Пустыя вакзалы, аэрапорты, гатэлі, турыстычныя і культурніцкія зоны — вось тыповая карціна нашай туріндустрыі. Пра Беларусь, пра нашу культуру і гісторыю практычна ня ведаюць у сьвеце, бо ў сьвеце нас прадстаўляе варожая Беларусі лубянская “дыпляматыя”. Узьвінчаныя кошты “для іностранцев” у гатэлях, тупізм ін'язаўскай абслугі таксама не спрыяюць актыўнасьці замежных турыстаў.
І што ж вы думаеце, турфірмы РБ выйсьце знайшлі. Беларусь на вачах становіцца другім Тайландам. Ня ў сэнсе тысячаў залатых пагад і белых сланоў. А ў зусім іншым сэнсе. Цяпер турапэратары разгарнулі рэклямную і практычную кампанію па арганізацыі масавага “сэкстурызму” у Беларусі, іншымі словамі масавай прастытуцыі. Нягоднікі ператвараюць Беларусь у сусьветны публічны дом. Да нас прылятаюць цэлыя самалёты кліентаў з Італіі, Нямеччыны, Францыі і іншых краінаў. Кліентаў прывабліваюць “высокакваліфікаванай інтымнай абслугай” і “нізкімі коштамі”. Пра кліентаў дбаюць сэкстурапэратары. Тлумачаць ім, што трэба карыстацца толькі дзяўчынамі ў гатэлях (яны пад кантролем), а не на вулічнай панэлі. Ахоўваюць кліентаў і іхны “кайф”. “Дело пошло...” — бадзёра рапартуюць турфірмы гаспадарам нашай краіны. Дэмаралізацыя беларускай моладзі пастаўлена на канвэер.
Аднак, арганізатары і натхняльнікі прастытуцыі павінны ведаць аб судовай адказнасьці за свае дзеяньні, якая настане пасьля краху прамаскоўскага рэжыму. Цяпер жа трэба супраціўляцца гэтаму зьнішчэньню народа ўсімі сродкамі і любымі мэтадамі. Трэба памятаць, што беларуская нацыя жыцьцёва трымаецца цяпер на жанчынах. Разбэшчваньне жанчын побач з павальным п'янствам мужчын прывядзе да таго, што народ ужо не падымецца. Перафразуючы Карнілава, руская брыдота зробіць больш чым рускі наган і рускі ГУЛАГ.
Янка Базыль