ПРАВАКАЦЫЙНАЯ АВАНТУРА

20 верасьня 2006 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” піша пра вынікі нядаўняга “рэфэрэндуму” у Трансністрыі (Прыднястроўі — акупаванай расейцамі правінцыі сувэрэннай Малдовы). Прыведзены вынік рэфэрэндуму — 97,1% удзельнікаў выказаліся за незалежнасьць Трансністрыі і за прыяднаньне яе ў будучыні да Расеі. Чэшская журналістыка напісала, што большасьць жыхароў Трансністрыі маюць расейскае грамадзянства. Згадаў журналіст і пра 1991 г., калі “з ціхай падтрымкай Масквы і расейскай арміі” Трансністрыя дэ факта аддзялілася ад Малдовы. Для чэшскіх чытачоў паведамлена таксама пра помнік Леніну каля вакзала ў Ціраспале і савецкую сымволіку Трансністрыі.

Наш камэнтар: Чарговы бліскучы прыклад недапечанай заходняй аналітыкі. Аказваецца ў 1991 г. была “ціхая падтрымка Масквы”. Мабыць чэшскія аналітыкі “ня ведаюць” пра інвазію расейскай арміі на тэрыторыю незалежнай Малдовы пасьля распаду саўдэпіі, пра лютыя баі малдаўскага паспалітага рушэньня (у першыя месяцы незалежнасьці Малдова толькі яшчэ фармавала сваю армію) супраць рэгулярных войскаў расейскіх захопнікаў і розных лубянскіх “казакоў” пад камандай генэрала Лебедзя? Яны “забыліся” пра сотні забітых і тысячы параненых? Яны “забыліся” таксама згадаць, што уся гэтая публіка, што галасавала на сваім незаконным рэфэрэндуме — гэта расейцы-асаднікі, адстаўнічкі і цяперашнія акупанты на чужых танках. Але найбольшы тупізм праявіўся ў высновах рэпартажу. Аказваецца, Расея арганізавала гэты рэфэндум у супрацьвагу спробам косаўскіх албанцаў абвясьціць незалежнасьць Косава ад Сэрбіі. Маўляў, Пуцін так і выступаў на міжнародных форумах: “Калі можна Косаву, дык можна і Прыднястроўю, Абхазіі і Паўднёвай Асэціі”. Як ахвотна злавіліся гора-аналітыкі на яркую крамлёўскую бляшанку. Нам у Беларусі зразумела, што прыярытэтнай задачай псэўда-рэфэрэндумаў у акупаваных Расеяй чужых правінцыях зьяўляецца не Косава (начхаць ім на Косава), а дэстабілізацыя Малдовы і Грузіі. А таксама стварэньне прэцэдэнту з падкантрольнай волі Крамля Беларусяй, дзе Масква таксама рыхтуе свой антыканстытуцыйны рэфэрэндум “аб інтэграцыіі з Расеяй”.

Валеры Буйвал