САЦЫЯЛЬНАЯ КАРУПЦЫЯ

13 верасьня 2006 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” піша пра беларускую дзяўчынку Марыю, выхаванку аднаго з дзіцячых дамоў у нашай краіне, якая з 2003 г. езьдзіла ў італьянскую сямью на адпачынак у рамках гуманітарнай праграмы. Яе прозьвішча і месцазнаходжаньне дзіцячага дома не называюцца. Маладая сямейная пара з Каталета непадалёк ад Генуі, у якой дзяўчынка цяпер жыве, адмаўляецца вярнуць дзіця на радзіму. Італьянцы спасылаюцца на расказы малой беларускі аб зьдзеках і пабоях у дзіцячым доме ў РБ. Яны патрабуюць, каб Марыя засталася ў іх назаўсёды. Журналістам і ўладам яны дэманструюць нават выставу малюнкаў Марыі, на якіх адлюстраваны жудасныя эпізоды жыцьця дзяцей у прытулках.

Наш камэнтар: Вядома, што сама сістэма дзіцячых дамоў і прытулкаў спрыяе маштабнай карупцыі і ўсталяваньню нечалавечых парадкаў у гэтых установах. Вядома, што на статыстычных 100 дзяцей прызначана каля ста пасадаў пэрсаналу абслугі: намесьнікі дырэктара, заўхозы, выхавацелі-выхавацелькі, дворнікі і г.д. Здавалася б, вельмі добра, што столькі дарослых людзей займаюцца дзецьмі. Але чаму ж такой практыкі няма ў цывілізаваных краінах (ды й ва ўсім сьвеце)? А таму, што гэтыя лічбавыя суадносіны сьведчаць толькі аб схаваным беспрацоўі. Шматлікая абслуга атрымлівае такія мізэрныя заробкі, што проста вымушана красьці і выкарыстоўваць дзяцей, каб забясьпечыць свае семьі. У выніку атрымліваецца сацыяльна трагічная карціна: адзін малы выхаванец прытулку павінен забясьпечваць выжываньне адной сацыяльна быццам бы паўнавартаснай сямьі. Абсурд!

У Беларусі можна ўбачыць розныя дзіцячыя дамы: з пакоямі, засьцеленымі дыванамі і з каляровымі тэлевізарамі, а таксама з прагнілымі падлогамі і раскурочанай мэбляй (гэта асабліва на правінцыі). Але агульнавядома, што паўсюль абслуга вельмі актыўна раскрадае гуманітарную дапамогу: вопратку, цацкі, тым больш відэатэхніку. Наіўныя заходнікі, наглядзеўшыся на даўно ня мытых дзяцей і мізэрны стан жыльля, часта даюць даволі вялікія сумы грошай непасрэдна ў рукі адміністрацыі прытулкаў. Эўрапейцы нават не задумваюцца аб тым, што некаторыя з хітрэйшых дырэктароў адмыслова захоўваюць у сваіх установах мізэрнае становішча (адбіраюць у дзяцей нават хатнія пантофлі з гуманітаркі), каб заходнікі пусьцілі сьлязу і “раскошелілісь”. Зразумела, што падораныя такім чынам грошы ідуць у сямейны бюджэт адміністратараў прытулкаў. Замкнёнае кола карупцыі працягвае круціцца. Зразумела, чаму малая Марыя ня хоча вяртацца ў лукашэнкаўскую РБ — дзеці і моладзь ня бачаць нармальнага жыцьця і будучыні ў краіне пад уладай антычалавечага прарасейскага рэжыму.

Юрка Марозаў