АЛЕСЬ СМАЛЕНЕЦ

(1893, г. Вязьма, Смаленшчына — 1966, ЗША)

Як ягонае месца нараджэньня, так і псэўданім яшчэ раз сьведчаць, як далёка на ўсход ад сучасных дзяржаўных межаў Беларусі праходзіла наша мяжа этнічная.

Выхаванец гістарычна-філялягічнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту і Аляксееўскай вайсковай школы, Алесь Ружанец-Ружанцоў (гэта сапраўднае прозьвішча) у юнацтве гераічна ваяваў на франтах Першай сусьветнай. Паслужыўшы пасьля 1917 году і ў “белых” і ў “чырвоных”, ён урэшце зрабіў свой выбар на карысьць змаганьня за незалежную Беларусь.

Камандуючы беларускім батальёнам у Літоўскім войску, Смаленец здабыў вядомасьць і як аўтар нечаканых сваімі тэмамі й вобразамі экспрэсыўных вершаў, якія нараджаліся з жорсткіх рэаліяў ваеннага ліхалецьця. Адметнасьць ягоных твораў падкрэсьлівалі ўжо назвы: “На форце”, “Перад атакай”, “Зраньня ў акопах”...

Раптам згасьлі ліхтарні...

Задыміў папяросай,

Моцна лаяўся нехта з матросаў...

На сьнягу чырванела крывавая пляма,

Зачынілась жыцьцёвая брама.

Гэта радкі зь вершу “Расстрэл”, прысьвечанага Максіму Гарэцкаму, які, дарэчы, называў вершы Смаленца “моцнымі думкаю і арыгінальнымі формаю”.

У 1920-я былы баявы камандзір быў консулам БНР у Коўне. У 1940-я працаваў пад кіраўніцтвам Кастуся Езавітава, беручы ўдзел ў спробе стварыць Беларускае войска. Па вайне Смаленец жыў у ЗША, дзе напісаў мэмуары, якія яшчэ чакаюць свайго выдаўца.

У незалежнай Беларусі творы Алеся Смаленца ўпершыню зьявіліся ў кнізе “Туга па Радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі” (Менск, 1992). Калі б я стаў раптам укладальнікам зборніка патрыятычных тэкстаў для беларускіх жаўнераў, абавязкова ўключыў бы туды верш “Перад атакай”:

Ўжо празьвінела трубкі рытурнэль.

Вушмі крануўшы, задрыжэлі коні.

На штандару чырвоны знак Пагоні

Яскрава сьвеціць... Трэснула шрапнэль.

Праменьні сонца заліваюць блоні.

Перад вачмі — як быццам акварэль.

Мацней сьціскаеш шаблю у далоні

І чуеш, як ляціць яшчэ шрапнэль.

Уладзімер Арлоў