ДА ЧАГО ДАЙШЛО

Міліцыя забараніла моладзі праводзіць сьвята паветраных зьмеяў. Самадзейнае “Сьвята ветру” мелася прайсьці ў суботу 16-га верасьня ў ваколіцах Віцебску ўжо 6-ы раз. Гэтая імпрэза зазвычай ня мае абсалютна ніякага палітычнага зьместу — проста аматары вырабляць і запускаць паветраных зьмеяў, папярэдне дамовіўшыся, зьбіраюцца на Касьцюковай гары каля вёскі Альгова ў адзін з пагодных верасьнёўскіх выходных дзён.

У суботу каля Касьцюковай гары хлопцам і дзяўчатам з паветранымі зьмеямі перагарадзілі дарогу пяцёра міліцыянтаў і дзьве службовыя машыны. Супрацоўнікі міліцыі забаранілі моладзі нават падысьці да прызначанага месца, заявіўшы, што гара, дакладней, узгорак з ваданапорнай вежай на ускрайку вёскі, ёсьць грамадзкім месцам, і што яны мусілі зьвярнуцца па дазвол на запусканьне паветраных зьмеяў да гарадзкіх уладаў.

Тлумачыцца зь міліцыянтамі давялося спадару Аляксандру — маладому выкладчыку адной з віцебскіх навучальных устаноў.

(Аляксандар:) “Я прыйшоў, пашпартныя дадзеныя мае запісалі адразу. І міліцыянты нам паведамілі, што мы мусілі зарэгістраваць гэтае мерапрыемства, атрымаць на яго дазвол, прайсьці па розных службах — пажарнай, “хуткае дапамогі”, міліцыі — заплаціць ім, каб яны таксама прысутнічалі на сьвяце. І адразу папярэдзілі, што выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі ёсьць парушэньнем, праверылі нават, што мы нясём. Сказалі, што ўсіх нас забяруць, а потым кожны атрымае пакараньне — па 50 базавых велічыняў. Вакол хадзіў відэаапэратар, здымаў усіх. І ўрэшце нам параілі: “Час вам ужо разыходзіцца”.

Больш як сотня хлопцаў і дзяўчат мусілі вяртацца на аўтобусны прыпынак.

Чакаючы транспарту, нехта дастаў гітару, нехта пачаў сьпяваць. Але й гэта забаранілі міліцыянты. Вось да чаго ўжо дайшло-даехала пад антыбеларускім рэжымам. Толькі нешта ўспомніўся тут недарэчы стары анэкдот, калі беларуса сабраліся вешаць, а ён і пытае: вяроўку даваць будуць, ці сваю прыносіць. Словам, дрэнныя справы робяцца ў Беларусі.

(Паводле радыё Свабода)