ЯКУБ ЯСІНСКІ (24.7.1761–4.11.1794)
Ягонае імя знаходзіцца як бы ў ценю Касьцюшкі, між тым менавіта Якуб Ясінскі кіраваў вызвольным паўстаньнем 1794 году на абшарах Айчыны нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага.
У ноч на 23 красавіка патрыёты авалодалі Вільняй, дзе ўладу ўзяў у свае рукі Часовы ўрад — Найвышэйшая Літоўская Рада. Яна прызначыла Ясінскага камэндантам арміі ВКЛ, іначай кажучы, паставіла яго на чале збройных сілаў паўстанцаў.
33-гадовы афіцэр належаў да гэтак званых “віленскіх якабінцаў” — прыхільнікаў ідэяў Французскае рэвалюцыі, што выступалі з патрабаваньнямі рэспублікі, роўнасьці станаў і адмены прыгону. Маючы паэтычныя здольнасці, Якуб быў аўтарам патрыятычных твораў, у тым ліку напісаных па-беларуску вершаваных праклямацыяў. У ягоных аддзелах сьпявалі “Песьню беларускіх жаўнераў”:
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы закавалі?
Дакуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Возьмем косы ды янчаркі,
Пойдзем гордыя гнуць каркі!
Пойдзем жыва да Касьцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі!
Няхай маскаль уступае,
Няхай беларусаў знае!
Інсургенты, якіх у Вялікім Княстве налічвалася 40 тысяч, узялі Берасьце, Горадню, Наваградак, Слонім, Пінск, Ліду, Браслаў... У траўні 1794-га Ясінскі з дывізіяй, у якой большую частку складалі сяляне, разграміў расейцаў каля Палянаў, паблізу Ашмяны. За гэтую перамогу ён атрымаў ранг генэрал-лейтэнанта.
Але ў паўстанцкім кіраўніцтве не было адзінства. Напалоханы радыкалізмам Ясінскага Касьцюшка адхіліў яго ад камандаваньня. Літоўская Рада была абвінавачаная ў сэпаратызьме й распушчаная. Між тым на Беларусі зьявіліся рэгулярныя карныя войскі на чале з Суворавым...
Паўстаньне згасала. 4 лістапада Сувораў штурмам захапіў варшаўскае прадмесьце Прагу (на правабярэжжы Віслы), дзе яго салдаты зь нечалавечай лютасьцю зьнішчылі ўсіх абаронцаў і жыхароў — блізу 25 тысяч. Чытаць сьведчаньні пра тую разьню проста вусьцішна: расейцы не шкадавалі нікога. У мацярок адбіралі ад грудзей немаўлятаў, каб не вырасьлі і не адпомсьцілі. Манашак, што былі ў кляштарах, згвалцілі й зарэзалі... Пляцы былі засланыя трупамі. Разам зь людзкімі целамі грувасьціліся трупы коней, сабак і катоў, бо разьюшаныя відам крыві расейскія салдаты не выпускалі жывымі нават жывёлаў.
У той дзень мужна сустрэў сваю сьмерць у баі і Якуб Ясінскі.
Ці чулі вы што-небудзь пра ўшанаваньне ў Беларусі ягонай памяці? Ці ёсьць дзе-небудзь вуліца ягонага імя? Затое вуліц Суворава — дзясяткі...
Уладзімер Арлоў