ЯК ТАМ У РАСЕІ? СТРАЛЯЮЦЬ-С

14 верасьня 2006 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” паведамляе з Масквы. Тамака з футбольнай гульні вяртаўся намесьнік дырэктара Цэнтральнага банку РФ тав. А. Казлоў. Ягоную машыну расстралялі з аўтаматаў. Кіроўца загінуў на месцы, банкір памёр у шпіталі. Вядома, што нябожчык займаўся выдачай ліцэнзій на банкаўскую дзейнасьць.

Наш камэнтар: Быў такі эмігранцкі анэкдот... Прачынаюся я сярод ночы і не магу ўспомніць, у якім гэта я горадзе. Кэгэбага? Энкавэдага? А-а, успомніў — у Чыкага!

Страляюць на Каўказе, страляюць у Маскве, ды ўсё “па сваіх”. Цікавая краіна, цікавая сталіца. Крэмль-Лубянка пабудавалі “расейскую дэмакратыю” на крыві, тэроры, хлусьні, карупцыі, стукачах і дэмагогах, абрабавалі мільёны сваіх грамадзянаў і іншыя народы. Потым захацелі, каб настаў “пэрыяд стабільнасьці”, час легальнага існаваньня лубянскіх злодзеяў і кілераў. Яны апрануліся ў смокінгі, пачалі ліцэнзіі раздаваць. Але запушчанае кола гвалту, цынізму і нянавісьці працягвае круціцца, маскоўская яма паглынае новых ахвяраў. “Лучшіх товарішчей теряем...” — сказаў бы заснавальнік гэтай сістэмы Ульянаў-Ленін.

Юрка Марозаў