РАСЕЙСКАЯ “ЧЫСТКА”

13 верасьня прэтэндуе на ганаровае званьне “гістарычнай даты” у сучаснай расейскай гісторыі. Ня ўсё пакуль што зразумела да канца. Але характар і маштабы падзеяў сьведчаць пра нештодзённасьць чарговай маскоўскай інтрыгі. А менавіта: былі зьняты са сваіх пастоў 19 толькі вышэйшых маскоўскіх чыноўнікаў у рознакаляровых мундзірах: генэралы ФСБ і мытні, начальнікі з прэзыдэнцкай адміністрацыі, пракуратуры і міліцыі. Зразумела, што разам з вышэйшымі пасыпаліся драбнейшыя чыноўнікі. Даўно ў “златоглавой” не было такой маштабнай чысткі, ці не з 1937 года? Крэмль неяк нязьвязна пракамэнтаваў разгон у вярхах. СМІ атрымалі даручэньне пераканаць грамадзтва, што начальнікі былі зьвязаны з падпольным гандлем мэбляй у рамках фірмы “Тры кіты” (прадавалі за мяжу элітную мастацкую мэблю як дровы).

Але нешта ня верыцца, каб за “цешчыны крэслы” работы Гамбса, за банальны жульніцкі бізнэс, якім займаюцца ўсе, хто дапушчаны, паляцелі такія галовы. “Лукавит” крамлёўскае начальства, хавае сапраўдныя прычыны маштабнай акцыі. Падобна, што каманда Пуціна ліквідуе канкурэнтную групоўку, якая сфармавалася на крамлёўскім Алімпе на фоне суцэльнага правалу эканамічнай і сацыяльнай палітыкі пуціністаў. Над Алімпам забліскалі першыя маланкі: упэршыню за даволі доўгі час пачала мяняцца кан'юнктура на нафту, назіраецца падзеньне коштаў на гэты прадукт, што на працягу гадоў даваў надзьмутую магутнасьць крамлёўскаму рэжыму. Увечары таго ж дня пасярод Масквы аўтаматчыкі расстралялі нам. дырэктара Цэнтральнага банка РФ тов. А. Казлова... Ці не зашмат супадзеньняў?

Мяркуем, аднак, што “супадзеньні” пачаліся не ў Маскве, а ў Менску. Таго ж 13 верасьня маскоўская міліцыя арыштавала грамадзяніна РБ Юрыя Крэйдзіча. Як паведамляюць СМІ, гэты Крэйдзіч на працягу шасьці гадоў кіраваў “беларускім калідорам” па падпольнай перавозцы з Польшчы ў Расею вялікіх колькасьцяў кампутараў, плазьменных тэлевізараў, відэа- і аўдыапаратуры (мыта дзялкі не плацілі). Ужо некалькі гадоў гэтага Крэйдзіча, нібыта, шукала маскоўская міліцыя і знайсьці не магла... 30-гадовы грамадзянін РБ кіраваў такім маштабным гэшэфтам? Нешта ня верыцца.

На наш погляд, пачалася крамлёўская “апэрацыя 13 верасьня” трошкі раней. А менавіта 8 верасьня, калі ў Менску нечакана памёр “ад сардэчнага прыступа” Д. Булахаў, верны слуга прамаскоўскага рэжыму са стажам, нястомны работнік на апошняй пасадзе нам. кіраўніка ў структурах СНД ад РБ. Усіх у Беларусі зьдзівіла поўнае ігнараваньне шклоўскім начальствам і ягоным тэлебачаньнем гэтай сумнай падзеі. Для БТ проста не было такой асобы, ніколі не існавала. Былі караценькія нэкралёгі ў некалькіх рэжымных газэтах і ўсё. 46-гадовы чыноўнік СНД памёр і пра яго адразу пастараліся забыцца... Падобна, што прагніў і пачаў правальвацца ня проста “калідор” па кампутарах (гэта нішто ў параўнаньні з “беларускім калідорам” па продажы расейскай зброі антычалавечым рэжымам). Маскоўская чыстка пачалася далёка ад Масквы. У бліжэйшы час трэба чакаць працягу гэтай тэмы.

Янка Базыль