ШТРАФ ЗА ХРЫШЧЭНЬНЕ — 4 МІЛЬЁНЫ РУБЛЁЎ

Судовыя выканаўцы патрабуюць ад Сяргея Пазьняковіча, пастара царквы пяцідзесятнікаў “Ратаваньне” у Баранавічах, чатыры мільёны рублёў. Такі штраф мусіць заплаціць сьвятар за правядзеньне абраду масавага хрышчэньня, на які не было дазволу мясцовых уладаў. Рэлігійная суполка “Ратаваньне” мае ўжо два зафіксаваных адміністрацыйных правапарушэньні. Трэцяе можа пацягнуць за сабой ліквідацыю царквы.

Пастара Сяргея Пазьняковіча аштрафаваў Баранавіцкі суд яшчэ 2 ліпеня. Вернікі царквы пяцідзесятнікаў “Ратаваньне” штогод праводзяць хрост на вадасховішчы ў Баранавічах. Яны мусяць згодна з законам браць дазвол у гарвыканкаме, бо хрост на вадзе разглядаецца ўладамі, як правядзеньне вулічнага масавага мерапрыемства. Сёлета чыноўнікі не далі афіцыйнага дазволу, матывуючы гэта тым, што вада не адпавядае санітарным нормам. Але хрост адбыўся. Летась гарадзкія ўлады аштрафавалі пастара на 100 000 рублёў за несанкцыянаванае набажэнства.

Царква “Ратаваньне” у Баранавічах прайшла ў 1999 годзе перарэгістрацыю. Яна налічвае больш за 1 500 вернікаў. Вернікі маюць храм і нядзельную школу, якую наведваюць каля паўтысячы дзяцей. Пратэстанты не чакалі, што іх царква апынецца пад пагрозай ліквідацыі. Гаворыць адміністратар царквы Юры Ступакоў:

(Ступакоў:) “Першы раз, калі судзьдзя даведалася за што яго судзяць, яна сказала: “Не, я гэтага не разумею”. І адпусьціла яго. Праз тыдзень яна патэлефанавала і сказала, што ў яе ёсьць такі загад. Спачатку аштрафавалі абласнога епіскапа. Ён жа з'яўляецца й старшым пастарам царквы. Пастара аштрафавалі за тыя ж учынкі амаль на 2 000 даляраў”.

Пастар царквы Сяргей Пазьняковіч паведаміў вернікам суму штрафу толькі ўчора пасьля набажэнства. Ён патлумачыў “Свабодзе”, што ня бачыць сэнсу зьвяртацца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі, каб адмянілі рашэньне Баранавіцкага суду.

(Пазьняковіч:) “Ну, яны ня змогуць закрыць суполку, таму што царква вялікая. Уся гэтая сістэма такая... Няма ні сумленьня, ні Бога ў душы. Што хочуць, то й робяць. Свавольле і ўсё. У моцнага заўсёды вінаваты слабы. Што тут можна рабіць? Я думаю, што не атрымаецца. Занадта воўчыя законы”.

Паводле заканадаўства, у выпадку трох адміністрацыйных прысудаў і папярэджаньняў Мінюст можа пазбавіць рэгістрацыі рэлігійную суполку. Пад пагрозай ліквідацыі апынулася царква пратэстантаў “Новае жыццё”. Раней суды ліквідавалі суполку, пастарам якой з'яўляецца Эрнст Сабіла, а таксама суполку кальвіністаў пастара Леаніда Ліпеня і царкву “Запавет Хрыста” пастара Георгія Вязоўскага.

Любоў Лунёва (радыё Свабода)