НАШЧАДКІ ВІКІНГАЎ ТРЫМЦЯЦЬ АД СТРАХУ
8 верасьня 2006 г. Дацкая газэта “Politiken” піша пра працяг канфлікту вакол арыштаваных днямі тэрарыстаў. Дацкія спэцслужбы арыштавалі некалькіх маладзёнаў у мусульманскім прадмесьце Вальсмозэ горада Одэнсэ (яны рыхтавалі бомбавыя тэракты ў Даніі). Імам Одэнсэ Абу Хасан заявіў, што калі паліцыя і ўлады не адпусьцяць арыштаваных і не папросяць прабачэньня, то сёньня ўвечары ён арганізуе вялікую дэманстрацыю пратэста. Ён сказаў таксама, што да яго зьвярнуліся семьі арыштаваных і сказалі, што “маладзёны тут ні пры чым...”
Наш камэнтар: Нагадаем, што гэты “датчанін” Абу Хасан — галоўны арганізатар леташніх антыхрысьціянскіх дэманстрацыяў у Даніі пасьля публікацыі ў мясцовай газэтцы правакацыйных карыкатураў на прарока Мухамэда (апублікаваных з падачы аднаго дацкага русіста-рэдактара, больш вядомага кар'ерай у Маскве, зробленай на ягоных спробах дэскрыдытацыі барацьбы чачэнскага народу супраць расейскай акупацыі). Пра датчаніна-русіста з Лубянкі ніхто тады ня ўспомніў. А арганізатара антыхрысьціянскіх выступаў “датчаніна” Абу ніхто з Даніі ня выслаў (бо “правы чалавека”). Цяпер ён імпэтна (гэта бачна на фатаздымку ў газэце) выстаўляе ўльтыматум дацкай паліцыі і дацкаму грамадзтву.
Такое немагчыма ўявіць сабе ў мусульманскай краіне. У Саўдаўскай Аравіі, напрыклад, зусім забаронена любая рэлігійная дзейнасьць, акрамя Іслама. У шэрагу іншых краінаў Усходу нешматлікія сьвятары і вернікі хрысьціянскіх канфэсіяў ніколі не дазваляюць сабе пратэстных выступаў (бо ведаюць, чым гэта для іх скончыцца). Данія ў адчаі і разгубленасьці. Прадмесьце правінцыйнага Одэнсэ правядзе дэманстрацыю... Барадач у белых штанах з акцэнтам папярэджвае па-ангельску, што гэта толькі пачатак... Мільёны грамадзянаў трымцяць ад страху на сваёй роднай зямлі... І гэта колішнія вікінгі!
Валеры Буйвал