ШЭРАСЬЦЬ І ДЭГРАДАЦЫЯ НОБЕЛЕЎСКАГА КАМІТЭТУ

8 верасьня 2006 г. Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” публікуе артыкул аб жыцьці і творчасьці выдатнага нямецкага раманіста Патрыка Зюскінда. Артыкул пачынаецца з апісаньня кур'ёзнага эпізода. На пачатку 1960-х гг. два сябры-гімназісты разважалі аб сваёй будучыні. Адзін зь іх, — Патрык Зюскінд, — зьдзівіў сябра. Ён быў упэўнены, што напіша раман, на ганарары ад якога будзе існаваць да канца жыцьця. Юнак, як у ваду глядзеў. Знакаміты ягоны гістарычны раман “Парфума” перакладзены на безьліч моваў (таксама на беларускую), зьяўляецца найбольш папулярным творам нямецкамоўнай літаратуры ў сьвеце за ўсe часы і ўжо прынёс яму ганарары ў 20 мільёнаў эўра. Газэта распавядае пра няпросты характар пісьменьніка, які жыве самотнікам, не дае інтэрв'ю і цяжка пагаджаецца на экранізацыю сваіх твораў.

Наш камэнтар: Газэта, на жаль, ня згадвае пра яшчэ адзін кур'ёзны момант. Дагэтуль таленавіты і папулярны пісьменьнік не атрымаў Нобэлеўскай прэміі па літаратуры (якую, на думку заснавальніка прэміі і паводле здаровага сэнсу, трэба было б прызначаць якраз ў адпаведнасьці з крытэрыямі — таленавіты і папулярны). За апошнія дзесяцігоддзі Нобэля з агромністым грашовым прыдаткам атрымліваў шэраг у асноўным нікому не вядомых асобаў з пяром. Самы прысуджальнікі прэміі з Нобэлеўскага камітэту прызнаваліся, што для рэцэнзіяў ім цяжка знайсьці нават літаратуразнаўцаў, якія б чыталі творы “лаўрэатаў”, цяжка знайсьці пераклады гэтых нікому не вядомых кнігаў.

Але малавядомасьць — не асноўны недахоп лаўрэацкай графаманіі. Некаторыя сярод сучасных нобэлеўскіх “геніяў” вызначыліся перш за ўсё скандальнасьцю нецэнзурнай лексікі і вычварнымі сюжэтамі сваіх тэкстаў альбо проста асацыяльнасьцю сваіх паводзінаў. Праз пару месяцаў пасьля фанфараў у Стакгольме ніхто ўжо ня можа ўспомніць імёны гэтых геряў капіталістычнага рэалізму і іхныя “шэдэўры”. Альбо праз колькі гадоў даводзіцца ўспомніць імя лаўрэата ў сувязі зь ягонымі ўспамінамі, як ён служыў у войсках СС (Гюнтэр Грас).

Беларускі геній Васіль Быкаў намаганьнямі сапраўдных знаўцаў літаратуры некалькі разоў уключаўся ў сьпіс Нобэлеўскага камітэту. Але нобэлеўцы адсоўвалі яго, як і шэраг іншых сапраўдных майстроў літаратуры. Прэміі сыпаліся на бездараў. Інтэлектуальны і маральны крызіс, які перажывае цяпер Эўропа, знаходзіць адлюстраваньне і ў густавых прыярытэтах інтэлектуальных элітаў. У мастацтвах на Захадзе даўно ў модзе ўсё, што з вывертам, з цынізмам, па-за межамі розумe, усё, што высьмейвае і зьвяргае сьветлае і сьвятое. Перавернуты сьвет у мастацтве, перавернуты сьвет у жыцьці заходніх элітаў. Даўно ўжо пара ўручаць Нобэлеўскую прэмію “за палітычны маразм”. Кандыдатаў процьма: увесь Брусэль са Стразбургам. Яны здаюць Маскве на акупацыю эўрапейскія краіны Беларусь і Украіну, а азіяцкай Турцыі адкрываюць дзьверы ў Эўразьвяз. Лубянка арганізоўвае ў эўрапейскіх гарадах тэракты, а яны ганяюцца выключна за экзотамі-выканаўцамі маскоўскага праекту. Эпоха бездараў у мастацтве і палітыцы.

Валеры Буйвал