БАРАЦЬБА ЗА “РУССКІЙ АЛКОГОЛЬ”
Аднак, і ў самой Расеі зьявіліся ахвяры ў пятай калёне. На працягу летніх месяцаў расейская прапаганда стаміла вушы аб “шкоднасьці грузінскіх і малдаўскіх вінаў” для русского человека. Выступалі міністар аховы здароўя РФ з папярджаньнямі, хімікі з формуламі, міліцэйскія чыны калацілі кувалдамі па вінных пляшках на сьметніках. Расейскае грамадзтва адзінадушна арганізоўвала байкот прадукцыі, важнай для экспарту дзьвюх постсавецкіх краінаў. Русскій человек да прапаганды прыслухаўся і пачаў піць празрыстую вадкасьць з рэзкім запахам. У выніку тысячы людзей адлёжваюцца дома, а больш за 500 грамадзянаў патрапілі ў шпіталі, некаторыя ўжо памерлі ад атручаньня. Найбольшыя страты ў барацьбе за “русскій алкоголь” нясуць Цьверская, Варонежская і асабліва Белгарадская вобласьці. Аказалася, што вінадзелы-падпольшчыкі выпусьцілі вялікую партыю прадукцыі, якая хутка разышлася па матушке-Россіі. У пляшкі з яркай наклейкай “Водка” разьлівалі хімічны сродак для ачысткі шыбаў, кафэля і сантэхнікі. Здавалася б, банальны эпізод для “матушкі”. Але гэтым разам начальства напалохалася, бо хімічны сродак русскіе люді пілі цэлымі працоўнымі калектывамі — заводы і фабрыкі могуць проста спыніцца. Затое паказалі “кузькіну мать” грузінам.
Юрка Марозаў