ЗА ПРАВЫ ТРЭБА ЗМАГАЦЦА

7 верасьня 2006 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” паведамляе пра сустрэчу дзьвюх рабочых брыгадаў, якія прабілі новы танэль у швэйцарскіх Альпах. Яны прабіваліся скрозь скалу на працягу чатырох гадоў і прайшлі цяжкі шлях у 13,5 кілёмэтраў.

Наш камэнтар: Тэлеканалы ўсіх краінаў паказваюць, як рабочыя абдымаюцца, як над нацыянальнымі брагадамі лунаюць італьянскі і нямецкі сьцягі. Трэба прызнаць, што на Захадзе ня дзейнічае бальшавіцкая дэмагагічная традыцыя “славы рабочего класса”. Там няма тэлерэпартажоў пра “бітву за ўраджай”, няма “дошак гонару” на прадпрыемствах і “ганаровых граматаў” “под салютом всех вождей”. У газэтах і на прыдарожных транспарантах не паведамляецца пра герояў капіталістычнай працы. Якасную працу ў цывілізаваных краінах прынята кампэнсаваць якасным (высокім) заробкам, сацыяльнымі гарантыямі і шанаваньнем чалавечага гонару работнікаў. Але грамадзтвы не забываюцца адзначыць надзвычайныя дасягненьні рабочых людзей, як у выпадку з пабудовай новага тунэля ў Сэн-Гатардзе. Такія збалянсаваныя сацыяльныя адносіны склаліся на Захадзе не самы сабой. Яны ёсьць вынікам дзесяцігоддзяў барацьбы работнікаў за нармальныя ўмовы працы і жыцьця, высокія заробкі і чалавечую годнасьць, вынікам рэвалюцыяў, страйкаў, дэманстрацыяў.

Найбольшых посьпехаў работнікі дасягалі, калі ў барацьбе яны злучаліся з інтэлектуальнай элітай сваіх краінаў, зь людзьмі, якія ўвасаблялі ідэю народнай салідарнасьці. І цяпер час ад часу работнікі салідарна выступаюць ў абарону сваіх правоў, займаюць прадпрыемствы, бьюцца з паліцыяй, ідуць маршамі на сталіцы. Апошні яркі эпізод барацьбы — леташні выступ докераў з шэрагу эўрапейскіх краінаў. Шматнацыянальныя калёны, як на Бастылію, пайшлі на штурм сядзібы Эўразьвязу ў Стразбургу. Эўрачынавенства (якое скляпала чарговую “рэформачку”, што ўшчамляла інтарэсы докераў) баязьліва замітусілася ў сваім палацы пад аховай паліцэйскіх легіёнаў. Барозы і Саляны напалохаліся арганізаваных і рашучых пралетарыяў і “рэформачку” адмянілі. За свае нацыянальныя, чалавечыя і працоўныя правы трэба змагацца.

Валеры Буйвал