ВЕРАСЬНЁЎСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

10 верасьня ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адражэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (тэкст публікуецца).

З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Ён падкрэсьліў, што неабходна мабілізаваць грамадзва на супраціў пляну анэксіі Беларусі расейскай імпэрыі. На цяперашнем этапе галоўным ёсьць недапушчэньне правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму аб “канстытуцыйным акце”. Прадстаўнікі псэўдаапазыцыі любяць цяпер заяўляць: “А дзе доказы, што разам з мясцовымі выбарамі будзе праведзены рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі? Дзе доказы..?” Адказваць ім трэба адно: вашы паводзіны, ваша імкненьне заблытаць і зьбіць з панталыку беларусаў ёсьць галоўны доказ таго, што рэжым выкарыстоўвае вас у сваім незаконным антыбеларускім праекце зьнішчэньня нашай незалежнай Дзяржавы. Цяпер назіраецца барацьба за лідэрства ў псэўдаапазыцыйным асяродку. У грантаўскай дзейнасьці вядуць рэй Лябедзька і Казулін, назіраюцца спробы склікаць чарговы кангрэс, каб (у чарговы раз) замяніць Мілінкевіча кімсьці іншым. Для іх гэта ёсьць галоўным на цяперашнім этапе. Мы не павінны зважаць на іхную валтузьню. Трэба даносіць да грамадзтва праўду пра пагрозу нашай дзяржаве і нашаму народу з боку расейскай імпэрыі. Трэба ісьці да людзей, распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю. Рэжым ня мае сацыяльнай падтрымкі. Ніводная сацыяльная група ўжо не падтрымлівае гэты выкапень мінуўшчыны, які трымаецца на неадукаванай і ў той жа час агрэсіўнай антыбеларускай псэўдаэліце.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра нядаўні рабочы страйк у Лідзе, дзе адміністрацыя напалохалася салідарных рабочых і вымушана была пайсьці на саступкі. З Віцебскай вобласьці паступаюць драматычныя зьвесткі пра тысячы беларусаў, якія вымушаны шукаць працы ў Расеі. Многія зь іх сталі ахвярамі агрэсіўных нападаў расейскіх бандытаў, якія дзейнічаюць разам з расейскай міліцыяй. Прад’яўленьне пашпарта РБ пры праверцы дакумэнтаў ў Расеі ёсьць гарантыяй паліцэйска-бандыцкіх зьдзекаў, катаваньняў, а часам і забойстваў грамадзянаў Беларусі. Такім ёсьць для нас “дружественная Россія”. Улады РБ, як вядома, хаваюць жудасную статыстыку пакутаў беларускіх грамадзянаў у Расеі і не абараняюць нашых людзей. Беларусам, якія сталі ахвярамі расейскага дзяржаўнага бандытызму, ня трэба доўга тлумачыць аб неабходнасьці існаваньня нашай нацыянальнай Дзяржавы. Гэтыя людзі (а іх з кожным месяцам усё больш) гатовыя ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй бараніць нашу Бацькаўшчыну ад расейскай агрэсіі.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньня” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 верасьня 2006 г.