АНТЫЧАЛАВЕЧЫЯ МЭТАДЫ ЛУКАШЫСЦКАЙ ТУРМЫ

Менск. Стан здароўя экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна па-ранейшаму непакоіць ягоных сваякоў і адвакатаў, да якіх раней дайшлі зьвесткі пра хваробу палітыка. Сёньня ў Менскім сьледчым ізалятары з Аляксандрам Казуліным сустрэўся ягоны адвакат Ігар Рынкевіч.

Аляксандар Казулін скардзіцца на пагаршэньне здароўя і заяўляе, што адмовіўся прымаць турэмную ежу. Пра гэта паведаміў “Свабодзе” адвакат Ігар Рынкевіч, які сустрэўся з палітыкам у Менскім сьледчым ізалятары 6 верасьня.

(Рынкевіч:) “Улічваючы, што ў яго бязь яўных прычынаў пагаршаецца здароўе, ён больш не прымае турэмнай ежы. У яго слабасьць, скардзіцца на сэрца, горшае зрок”.

Між тым, афіцыйныя асобы кажуць, што за здароўе Аляксандра Казуліна баяцца ня трэба. Пра гэта 5 верасьня заявіў начальнік мэдычнай службы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Васіль Завадзкі. Сёньня начальнік дэпартамэнту Ўладзімер Коўчур у размове са мной нагадаў, што ўлетку Аляксандра Казуліна зьмяшчалі ў турэмны шпіталь, дзе дактары пацьвердзілі, што ён здаровы.

(Коўчур:) “Яго паглядзелі дактары ў шпіталі й адвезьлі назад. Ён ні на што ня скардзіцца. Калі б што было, мы б яго адвезьлі зноў”.

Жонка палітыка Ірына Казуліна заявіла “Свабодзе”, што не давярае словам міліцыянтаў адносна здароўя яе мужа. Сама Ірына Казуліна бачылася з Аляксандрам Казуліным болей за месяц таму, і яна згадвае, што ён вельмі схуднеў. Казулін ні на што ня скардзіўся, але ягоная жонка адзначыла, што “ён ніколі ня скардзіцца”. Ірына Казуліна нагадала пра лёс Міхаіла Марыніча, які ў турме зрабіўся інвалідам.

Нагадаю, былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч, які быў асуджаны, як ён лічыць, за апазыцыйную дзейнасьць, у турме перанес інсульт. Па выхадзе на волю Міхаіл Марыніч заявіў, што абвастрэньне ягонай хваробы пачалося з-за таго, што ў Аршанскай калёніі яму не дазволілі прыняць лекі й не аказалі патрэбнай мэдычнай дапамогі. У красавіку пасьля двух гадоў зьняволеньня Міхаіл Марыніч выйшаў на волю з інваліднасьцю. Цяпер ён лечыцца ў Нямеччыне.

Лідэр страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі перакананы, што мэдычная служба пэнітэнцыярнай сыстэмы ў Беларусі трэба рэфармаваць. Валер Леванеўскі прапануе вывесьці турэмных дактароў з падпарадкаваньня адміністрацыям турмаў і калёніяў. Былы вязень згадвае, як турэмныя дактары не аказвалі яму дапамогі, калі ён канфліктаваў з турэмным начальствам.

(Леванеўскі:) “Калі б проста была хвароба! А то хвароба ёсьць, а дапамогі не аказваюць. У гэтым асноўная праблема. Падкрэсьліваю: я ляжаў у ложку хворы, падняцца ня мог, каб схадзіць у сталовую, а мне ніякай дапамогі не аказвалі”.

Валер Леванеўскі лічыць, што ў беларускіх турмах вязьням у ежу могуць дадаваць рэчывы, якія правакуюць пагаршэньне здароўя. Гэтым Валер Леванеўскі тлумачыць тое, што пасьля двух гадоў зьняволеньня ён выйшаў з калёніі зь вельмі хворым сэрцам. Валер Леванеўскі не выключае, што такое робяць і з Аляксандрам Казуліным.

У мэдычнай службе дэпартамэнту выкананьня пакараньняў адмовіліся камэнтаваць заявы спадара Леванеўскага адносна магчымага атручваньня вязьняў.

Алег Грузьдзіловіч (Радыё Свабода)