ПРЭМІІ ПЭН-ЦЭНТРУ СЯРГЕЮ НАВУМЧЫКУ І ЛЕАНІДУ МАРАКОВУ
Сяргей Навумчык уганараваны літаратурнай прэміяй Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча за кнігу “Сем гадоў Адраджэньня”, прысьвечаную падзеям 1988–1995 гадоў. Прэмію ПЭН-цэнтру імя Францішка Багушэвіча атрымаў пісьменьнік Леанід Маракоў за шматгадовую працу “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі”. На паседжаньні ПЭН-цэнтру 5 — га верасьня ў памяшканьні касьцёлу сьвятых Сымона і Алены была нашая карэспандэнтка.
Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня ад апазыцыі БНФ, а цяпер супрацоўнік Радыё Свабода Сяргей Навумчык ня змог прыехаць на ўручэньне прэміі імя Алеся Адамовіча. Ягоны зварот да сябраў ПЭН-цэнтру зачытаў сёньня на паседжаньні дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.
(Лукашук:) “Калі гаворка ідзе пра аднаўленьне незалежнасьці, роля аўтара зводзіцца да ўменьня як мага дакладней зафіксаваць тое, што ён бачыў. У мяне хапае цьвярозасьці разумець, што сёньняшняй высокай прэміяй адзначаная менавіта тэма. І гэта важна, бо працяглы час пэрыяд найвышэйшага нацыянальнага ўздыму падаваўся ледзьве не як параза. Бадай што толькі ў нас, у беларусаў, стварэньне дзяржавы можа быць аднесенае да катэгорыі палітычнай няўдачы — тымчасам як у сьвеце гэта прынята лічыць вяршыняй выяўленьня нацыянальнай волі. У кастрычніку 1988 году тут, у Чырвоным касьцёле, аргкамітэт Народнага Фронту стваралі лепшыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі”.
У сваім звароце да сябраў ПЭН-цэнтру Сяргей Навумчык згадаў, як у 1990 годзе запрасіў народнага дэпутата СССР Алеся Адамовіча выступіць на сэсіі беларускага Вярхоўнага Савету падчас абмеркаваньня праекту закону “Аб зямлі”, і як тады дэпутаты-камуністы не далі Адамовічу выступіць. Шкадую, што мая ініцыятыва забрала ў яго колькі дзён жыцьця, піша Сяргей Навумчык.
Дачка Алеся Адамовіча Натальля вельмі рада, што Сяргей Навумчык атрымаў прэмію імя яе бацькі, што ж да згаданага эпізоду...
(Адамовіч:) “Бацька таксама згадвае пра гэта ў сваіх запісных кніжках. Сяргей казаў, што яму было цяжка пасьля гэтага. А ён наадварот — успамінаў пра гэта, казаў пра гэтыя сьпіны “чырвоных памешчыкаў”, якія сыходзілі. Дзякуй, што ёсьць такія людзі, якім можна ўручаць гэтую прэмію”.
Я зьвязалася па телефоне з Прагай, з Сяргеем Навумчыкам.
(Навумчык:) “Гэта, канечне, вельмі прыемна, я разумею, што ў сёньняшняй Беларусі гэта найвышэйшая літаратурная прэмія, бо дзяржаўная прэмія дэвальваваная подпісам цяперашняга кіраўніка. Але я ня першы супрацоўнік Радыё Свабода, хто атрымлівае прэмію ПЭН-цэнтру. Нагадаю імёны калегаў — Віталь Цыганкоў, Валянцін Жданко, Віталь Тарас, Сяргей Шупа, Ганна Соўсь, Алесь Лукашук. А калі да гэтага дадаць і нашых сталых аўтараў — Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, дык атрымліваецца вельмі пачэсная кампанія”.
У гэты ж дзень прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру імя Францішка Багушэвіча атрымаў пісьменьнік Леанід Маракоў за шматгадовую працу дзеля ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, навукоўцаў і дзеячаў культуры. Атрымоўваючы ганаровы дыплём, спадар Маракоў кажа пра сваю новую кнігу:
(Маракоў:) “Пакуль умоўная назва — “Толькі адну ноч”. Удалося адшукаць біяграфіі ўсіх расстраляных 29 кастрычніка 1937 году. Але самае галоўнае — удалося адшукаць зьвесткі пра тых, хто расстрэльваў і катаваў дзеячаў культуры, калі ў адну ноч яны вынішчалі амаль усю інтэлектуальную эліту Беларусі”.
Ганна Соусь (радыё Свабода)