БЕЛАРУСЫ НА ЧОРНАЙ ПРАЦЫ Ў РАСЕІ

Паводле апытаньняў незалежных сацыёлягаў, каля трэці грамадзянаў Беларусі хацелі б зьехаць у іншую краіну. І шмат людзей насамрэч зьяжджае. Найвялікшая працоўная эміграцыя беларусаў — у Расею.

Кастусь Скуратовіч (журналіст): “У кожным беларускім горадзе, які месьціцца каля чыгункі, шмат людзей працуе ў Расеі. Некаторыя едуць на 1-2 тыдні. Нядаўна я быў на сэмінары ў Віцебску. Там прагучала такая інфармацыя: з 1 200 тысяч жыхароў Віцебскай вобласьці каля 400 тысяч працуюць у Маскве й Санкт-Пецярбургу.

Тым часам у першай палове 2006 году ў Беларусь прыехала каля 5 тысячаў чалавек, а выехала — 2 тысячы. Міграцыйны прырост — 3 тысячы чалавек.

Прычым, у Беларусь едуць людзі з Расеі, Казахстану, Сярэдняй Азіі дажываць. Гэта пераважна пэнсіянэры. А зь Беларусі зьяжджаюць працаздольныя, тыя, хто хоча працаваць, імкнецца да добрага заробку.

Дарэчы, з афіцыйнай статыстыкі, каля 600-700 тысячаў працаздольнага насельніцтва Беларусі не занятае ў легальнай эканоміцы краіны.

Днямі ў Ганцавічах пахавалі чатырох беларусаў, што загінулі, вяртаючыся з заробкаў у Расеі. Вельмі шмат выпадкаў (гэта ўжо рэгулярная зьява) бясьсьледнага зьнікненьня беларусаў, якія паехалі на заробкі на ўсход. Працоўная эміграцыя беларусаў у Расею набыла масавы характар. Прычым, нягледзячы на міждзяржаўныя дамовы, беларускія грамадзяне працуюць без усялякай прававой і сацыяльнай абароны ў шэрым (крымінальным) сэктары расейскай эканомікі. Павялічваецца колькасьць трагічных выпадкаў.

-інфа- (Паводле радыё Свабода)