ПРЭС-РЭЛІЗ (ЖНІВЕНЬ 2006 Г.)

2 жніўня МЗС Польшчы выступіў з плянам праграмы па спрыяньні легальнай працы замежных рабочых у Польшчы. Плян тычыцца перш за ўсё грамадзянаў Украіны, якія спачатку атрымаюць легалізацыю на працу ў сельскай гаспадарцы суседняй дзяржавы. Пазьней мяркуецца пашырэньне сьпісу легальных прафэсіяў. Польшча мае намер таксама запрасіць на працу дыплямаваных спэцыялістаў. Ну што ж, зноў украінцы. Можна сабе ўявіць, зь якім аблягчэньнем тысячы ўкраінскіх грамадзянаў урэшце вырвуцца з расейскага рабства, каб працаваць у нармальных умовах у Польшчы. Атрымліваецца, што ў маскоўскім рэйху з эўрапейцаў скора застануцца самы беларусы. Наш народ павінен зразумець: пакуль мы будзем цярпець на сваёй зямлі панаваньне расейскіх акупантаў (якія ізалююць нас ад цывілізаванага сьвету), датуль у нас ня будзе іншага выбару, акрэм рабства ў Расеі і галечы на сваёй зямлі.

У Маскве падводзілі вынікі чарговай “мірнай ініцыятывы” на Каўказе. Месяц таму Крэмль у каторы раз запрапанаваў скласьці зброю чачэнскім патрыётам. Было шэраг выступаў начальства ў СМІ ў стылі “мы даем ім апошні шанец...” Як заявіў 2 жніўня па тэлебачаньні міністар МУС РФ Нургаліеў: “В результате нам сдались более 29 боевиков...” Цікавая арыфмэтычная фармулёўка. А начальнік ФСБ Патрушаў адкрываў у Маскве некалькі 20-павярховых дамоў, пабудаваных для супрацоўнікаў сваёй канторы. І таксама расказваў, як яны цяпер пакажуць “мать Кузьмы” міжнароднаму тэрарызму. Вядома, аднак, што ні ў воднай цывілізаванай краіне супрацоўнікі спэцслужбаў не пражываюць са сваімі семьямі ў адмысловых, адгароджаных і закрытых ад іншых людзей дамах і кварталах. Вядома, што так існуюць толькі акупанты на тэрыторыі захопленай дзяржавы. Гэбісты баяцца жыць сярод людзей ня толькі на Каўказе (дзе яны ўжо шмат разоў адрапартавалі пра “зьнішчэньне ворагаў” і “наступленьне міру”), але і ў сваёй жа Маскве. Хаця ў свой час такое было са спэцамі Чаўшэску з шэрагаў “Секурітате”. У выніку ў дні паўстаньня 1989 года народ ведаў, дзе шукаць “псов государевых”, і наладзіў ім узорнае пакараньне за дзесяцігоддзі зьверстваў і гвалту. У Менску гэбоўская публіка таксама жыве ў адмысловых шматпавярховых дамах (два зь іх на вул. Філімонава і вул. Усходняй).

На правакацыю, наладжаную шклоўскім рэжымам супраць латвійскага дыплямата ў Менску, афіцыйная Рыга адказала адэкватным крокам. 2 жніўня Латвія запатрабавала пакінуць тэрыторыю краіны першаму сакратару пасольства РБ. Шклоўскія СМІ прадэманстравалі фотапартрэт гэтага героя нябачнага фронту і назвалі яго. На фота — лапавухі маладзён, зусім падлетак па выглядзе, якому б весьці тэлепраграму на БТ “Сад і гарод”, а не ўдаваць дыплямата. (Мабыць нейкі сябручок аднаго з Лукашэнак малодшых). Такога “белорусского” прадстаўніка гнаць з Латвіі трэба было б за адно “ФИО” — Дима Краюшкин. Вось ужо сапраўды сымвалічная фігура шклоўскай гора-дыпляматыі, дзе ў хуткім часе не застанецца аніводнага беларуса. А калі сур'ёзна, то становіцца зразумелай прычына дыпляматычнай вайны прамаскоўскага рэжыму супраць суседняй дзяржавы. Нядаўна Рыга заявіла, што будзе выдаваць бясплатныя візы беларускім грамадзянам, якія намерацца прыехаць у Латвію. Масква адразу дала ўводную на скандальнае здушэньне гэтай ініцыятывы і ўмацаваньне ізаляцыі беларускага народу.

3 жніўня Крэмль распачаў шумную кампанію па абвяшчэньні Курыльскіх выспаў тропікамі. На поўным сур'ёзе міністар Грэф абрысаваў дзяржпраграму разьвіцьця Курылаў. Да 2015 г. ён абяцаўся павялічыць на 50% колькасьць насельніцтва: з цяперашніх 19 тысячаў да 28-30 тысячаў у сьветлай будучыні. Газэты і сайты РФ застракаталі загалоўкамі ў стылі Астапа Бэндэра ў Васюках: “Курилы станут самой обеспеченной частью России!”, “Курилы станут престижным курортом”... Што ж, прапануем перанесьці сталіцу імпэрыі ў курыльскія Нью-Васюкі. Аднак мы разумеем, што не крамлёўская эліта, не легіёны расейскіх алкаголікаў і наркаманаў павінны будуць ехаць на край сьвету будаваць васюкоўскі эльдарада сярод вулканаў і рэгулярных цунамі. Мяркуецца, што туды (як гэта было сто разоў за стагоддзі расейскай акупацыі нашай краіны) павінны накіравацца беларускія работнікі са сваімі семьямі. Няўжо наш народ у чарговы раз купіцца на гэтую крамлёўска-фашыстоўскую абяцанку?

6 жніўня шклоўскі рэжым абвясьціў агульны збор для сваіх замежных дыпляматычных і гандлёвых прадстаўнікоў. Радыё і БТ перадавалі маналёгі галоўнага начальніка і ягонай агентуры. Усе распавядалі пра посьпехі на міжнароднай арэне: адзін прадаў недзе 17 трактараў, другі за морам падпісаў пагадненьне з нейкімі экзотамі. Пазьней, праўда, стала вядома, чаму хунта рабіла агульны агляд замежных справаў. Аказваецца, адмоўны балянс замежнага гандлю летась склаў ажно 300 мільёнаў даляраў. Такія правалы небясьпечныя для рэжыму нават ва ўмовах, калі ягонай галоўнай задачай ёсьць разбурэньне беларускай эканомікі і ізаляцыя нашай краіны ад цывілізаванага сьвету.

У сталіцы Мардовіі 8 жніўня іграла бравурная музыка, лубянцы ў сутанах і без сутанаў вадзілі за сабой натоўпы мясцовага люду. Пуцін сарваў палатно з помніка адміралу Ушакову, якога РПЦ кананізавала пяць гадоў таму. Некалькі пакаленьняў савецкіх дзяцей вучылі ў школе пра перамогі над туркамі і французамі гэтага флётаводца 18-га стагоддзя, але ніхто ніколі не згадаў, што ваенны талент быў мардвінам (маўчала пра гэта і царская прапаганда). Не любілі імпэрцы згадваць пра ўкраінца Гогаля, заснавальніка расейскага клясіцызму ў жывапісе чуваша Ягорава, пра кампазітара беларуса Глінку і тысячы-тысячы іншых талентаў, якімі пакарысталася расейская імпэрыя. Ня проста пакарысталася. Расейскія акупанты-калянізатары на працягу стагоддзяў вынішчалі культуры і мовы народаў, талентамі якіх жывіліся. Акупанты працягваюць зьнішчэньне. Лубянскія скокі ў Саранску нагадвалі такую ж пацёмкінскую мішуру, якую час ад часу наладжвае крамлёўскі рэжым у расейскай правінцыі. Атрады “нахімаўцаў”-піянэраў, падабраная публіка для “радостного обшченія с презідентом” (амаль 100% жанчыны, бо сьпітыя фізіяноміі мужчынаў страшна паказваць), якая гукае: “Как мы рады, пріезжайте ешчё!..” І ні слова па-мардоўску, ніякога знаку прыналежнасьці да старажытнай (і яшчэ жывой) нацыянальнай традыцыі. Колькі яшчэ народы будуць служыць крамлёўскаму молаху?

“Ударим автопробегом по бездорожью!” 10-11 жніўня ў Менску знаходзілася дэлегацыя з экзатычнага Ірану. Міністар эканомікі гэтай эканамічна слабаразьвітай краіны дамаўляўся і такі дамовіўся пабудаваць у Беларусі лінію для зборкі “иранского автомобиля” (як пампезна называла шклоўская прапаганда тэгэранскую “Анцілопу-Гну”). Гэта вам не “Таёта”, не “Вольва” — трымайся Захад, зьяжджай на ўзбочыну прагрэсу, саступай дарогу машыне будучыні, на якой нясецца шклоўская хеўра ў чорных чалмах! Можна было пасьмяяцца з гэтага, але робіцца ня сьмешна. Па-першае, таму што аплочваць увесь гэты плян павінен беларускі народ. Па-другое, спэцыялісты ўжо папярэджваюць, што йдзецца не пра “Гну” і вечную дружбу з краінай-ізгоем. Па камандзе з Масквы антыбеларускі рэжым робіць наш народ закладнікам антызаходняй, антыцывілізацыйнай палітыкі восі шалёных рэжымаў: Масква-Сірыя-Іран-Паўночная Карэя-Вэнэсуэла-Куба. Каб не выстаўляцца перад заходнімі кантралёрамі, Расея будзе прадаваць у Іран і іншыя месцы сваю зброю масавага зьнішчэньня, прыкрываючыся “мірнымі аўтаканвэерамі” у Беларусі. Іранцы падпісалі таксама дамову на пастаўкі аўтацягачоў і буйных грузавікоў зь Беларусі. На цягачы можна будзе намантаваць ракеты, грузавікі загрузіць бомбамі і везьці “мірны груз” самалётамі “Антэямі” у зону любога антыамэрыканскага і антыэўрапейскага канфлікту. Беларусам ужо цяпер трэба задумацца над гэтай злачыннай ініцыятывай шклоўскага рэжыму. Калі цывілізаваныя краіны адэкватна ацэняць пагрозу, то яны абавязкава прыступяць да ліквідацыі месцаў вытворчасьці і месцаў гандлю сьмертаносным таварам. Каб нам не пачуць у сваіх гарадах выцьцё сірэнаў і грукат бомбаў на аб'ектах дыктатуры, трэба вызваляцца ўжо цяпер з гэтага хваравітага палону.

Крымска-татарскі народ абараняе ад варвараў сваю святыню. Ужо на працягу гадоў крымскія татары патрабуюць ад уладаў ліквідаваць рынак, пабудаваны расейскімі акупантамі на мусульманскіх могілках у Бахчысараі. Расейскім асаднікам, аднак, вельмі камфортна гандляваць і блюзьнерыць на чужых магілах (яны ў Расеі спакойна робяць гэта і на магілах сваіх уласных продкаў — “а что в этом особенного!..”). 12 жніўня атрады крымска-татарскай моладзі разграмілі рынак, вывесілі транспарант “Рынак на касьцях зачынены” і занялі абарону на межах сваёй сьвятыні. Мясцовыя асаднікі, падбухтораныя правакатарамі, паспрабавалі былі вярнуць сабе “место торговлі”. Татары далі ім адлуп. Калі зьявіліся амоны і спэцназы, яны таксама атрымалі дыхту ад арганізаванай татарскай моладзі. Зьдзяйсьняюцца страхі расейскіх асаднікаў. Яны прадказвалі, што так яно і будзе. Пакуль яны сьпіваюцца і выміраюць на захопленай зямлі, культурны татарскі народ саджае сады, працуе на зямлі, адбудоўвае свае паселішчы, нараджае і выхоўвае дзяцей. Вырасла ўжо цэлае пакаленьне, якое ня ведае сталінскай высылкі. Але моладзь памятае пра трагедыю продкаў і рашуча бароніць сваё. Лепш было б асаднікам, пакуль ня позна, вярнуцца туды, дзе “і дым отечества нам сладок і пріятен...” Тым больш, што і тав. Пуцін нядаўна ўсіх расейцаў вяртацца заклікаў, праграму падпісаў.

Моб-шмоб шагает по стране... Агентура КГБ ня сьпіць у шапку ня толькі ў сталіцы. 13 жніўня адбылася дэкаратыўна-гераічная акцыя ў Барысаве. Некалькі маладзёнаў празрыста нагадвалі пра свабоду прэсы. Стаялі, маўчалі, а мінакам раздавалі “свободную прессу”. Бездапаможная пустата “флэш-моба” была такой жа, як і ў іншых такіх выпадках. Але зьвярнула на сабе ўвагу адна дэталь. Сярод “свободной прессы” чырвона стракацела газэта камуністаў “Товарищ”. Скора на агентурных шмобах будуць запісваць ў камсамол і БРСМ. Або інакш кажучы, “барба продолжается, товарішчі...”

14 жніўня ў міліцыю расейскага горада Таганрога прыбегла жанчына. Яна паведаміла, што яе муж абвешаўся гранатамі і зачыніўся ў кватэры з двума іхнымі малымі дзецьмі. Міліцыя пайшла на штурм кватэры. Тэрарыст кінуў гранату і параніў аднаго з міліцыянтаў, а потым падарваўся сам. Хаця не. Ён не “тэрарыст”: “в течение пяти последних лет он героически сражался с терроризмом в рядах таганрогского ОМОНа на Кавказе...” “Герой” забіў столькі людзей на Каўказе, што ўрэшце ашалеў і ўзяў у закладнікі ўласных дзяцей. У кватэры “героя Россіі” знайшлі цэлы арсэнал зброі. У сувязі з набліжэньнем 15-х угодкаў аднаўленьня незалежнасьці Беларусі малойцы з гомельскага, магілеўскага, менскага ОМОНу павінны памятаць нешта вельмі важнае: менавіта дзякуючы незалежнасьці нашай краіны яны не замяняюць на крывавых дарогах Каўказа сваіх таганрогскіх калегаў.

У сувязі з разгарам турыстычнага сэзону на Беларусі сярод іншага адбываецца шэраг кур'ёзных скандалаў. Сотні нашых грамадзянаў прыязджаюць або прылятаюць у блізкія і далёкія краіны, зьвяртаюцца са сваімі турпуцёўкамі ў аплочаныя гатэлі. А там абслуга заяўляе ім, што “вас у сьпісах няма, нумары заняты іншай дэлегацыяй...” Даводзіцца або плаціць яшчэ раз або начаваць на асфальце пад пальмамі. На шум і крык вымушана было адрэагаваць турыстычнае начальства РБ. Нават на радыё Свабода выступіў адзін турначальнік. Ён спакойна патлумачыў (і трэба прызнаць, ня схлусіў), што згаданыя сотні турыстаў былі кліентамі расейскіх турыстычных фірмаў. Беларусы паквапіліся на нізкія кошты, пададзеныя на інтэрнэтсайтах расейскіх фірмаў. Падумалі: “Своі ведь, русскіе...” І пасьпешліва паслалі грошы ў Маскву. У Маскве такое называецца “кинуть лохов”, “втюхать туфту” і г.д. Чамусьці не чуваць пра сотні эстонскіх, грузінскіх, украінскіх турыстаў, якіх бы “кідалі” і “тюхалі” маскоўскія “своі”. Бо для эстонца і ўкраінца яны даўно не “своі”. Там людзі шануюць сябе самых і ня зьвязваюцца з маскоўскімі жулікамі.

16 жніўня расейскі тэлеканал РТР паказаў расейскі дакумэнтальны фільм “Чаўшэску. Чырвоны імпэратар”. Расказалі і паказалі пра маладосьць і дыктатарскую сталасьць румынскага камуністычнага правадыра. Згадалі пра ягонае крымінальнае юнацтва. Распавялі нават пра галечу, у якой апынуўся румынскі народ у выніку палітыкі “пажыцьцёвага прэзыдэнта”. Усё падкрэсьлівалі, як ён быў “незалежны ад савецкага саюзу”. Пры чым, выказваліся ў фільме толькі сваякі і генэралы-паплечнікі дыктатара (аніслова ад ахвяраў рэжыму, ад дысідэнтаў і барацьбітоў). Найбольш цікавым быў фінал карціны. Народнае паўстаньне ў сьнежні 1989 г. расейскія тэлехранікёры акрэсьлілі так: “В Тимишоара хулиганствующие бандиты начали грабить магазины и поджигать дома. Армия отказалась стрелять по ним...” Аніслова пра сотні тысячаў гараджанаў, што выйшлі на дэманстрацыі супраць дыктатуры, не баючыся куляў спэцслужбаў, якія подла стралялі па людзях з паддашкаў і з-за рогу. Маскоўскія дакумэнталісты пабудавалі відэашэраг не на кадрах з сьнежня 1989 г. (дзе адлюстраваныя трагедыя і гераічная веліч паўстаньня народу і арміі супраць дыктатуры), а на хроніцы 1992 г. Тады на подступах да Бухарэста войска брутальна спыніла натоўп разьюшаных шахцёраў, якім не заплацілі заробак і якія зьбіраліся наладзіць у сталіцы пагром. Імя крывавай спэцслужбы рэжыму Чаўшэскі “Секурітате” не прагучала ў фільме аніразу (!). А вядома, што якраз спэцчасткі “Секурітате” да канца абаранялі дыктатуру, забілі тысячы людзей. Вядома таксама, што ў сваю чаргу людзі ў дні і ночы рэвалюцыі лавілі па ўсёй Румыніі ненавісных “секурыстаў” і бязьлітасна зьнішчалі іх. Вось і становіцца зразумелым, чаму ў цяперашняй гэбоўскай Расеі спатрэбілася груба фальшаваць нядаўнюю гісторыю чужой краіны. Баяцца лубянцы, што грамадзяне, асабліва маладыя, наглядзяцца тэлепраўды пра тое, як румынскі народ разам з арміяй рашуча вызваляўся ад гэбоўска-чаўшэскаўскай дыктатуры. Наглядзяцца і зразумеюць, што хопіць цярпець над сабой тыранію маскоўскай “Секурітате”, ды пакараюць лубянскую пачвару за дзесяцігоддзі зьверстваў.

Адным з ключавых словаў беларускага жыцьця апошняга часу стала слоўца “крэдыт”. У банках і рэклямных абьявах стракаціць ад прапановаў узбагаціцца на пазыках ад дзяржавы, каб пабудаваць дом, купіць аўтамабіль і г.д. Тысячы нашых грамадзянаў узялі крэдыты, распачалі будаўніцтва, набылі каштоўныя прадметы ў растэрміноўку. Але праз кароткі час раптам пераканаліся, што выплочваць па крэдытах няма з чаго. Зарабіць на радзіме немагчыма, паедзеш у Расею — забьюць. Многія людзі ў адчаі, у многіх ужо канфіскаваны неаплочаныя аб'екты. Але рэклямная машына працягвае абалваньваць грамадзтва “нечаканым шчасьцем”. Чаму раптам рэжым, які ніколі раней не вызначаўся шчодрасьцю, распачаў гэтую шумную кампанію? Адкуль у беларускіх банках раптам узяліся вялікія сродкі на крэдыты? Вядома, што гэтыя сродкі беларускім банкам выдаюць расейскія банкі (вядомыя сваёй мафійнасьцю). У выніку разараюцца ня толькі неасьцярожныя грамадзяне, але і беларускія банкі-крэдыторы паступова пераходзяць у абсалютную кабалу да расейскіх донараў. Праз пэўны час гэты працэс павінен скончыцца поўным падпарадкаваньнем нашай банкаўскай сістэмы расейскаму мафійнаму капіталу. Многія разумныя беларусы ўжо здагадаліся, што супраць нас вядзецца фінансавая вайна. Але яшчэ большая колькасьць нашых грамадзянаў энтузіястычна прымае траянскага каня ад маскоўскіх данайцаў.

17 жніўня расейскія СМІ паведамілі, што ў г. Ульянаўску міліцыя ўрэшце павязала бандыцкую групоўку гвалтаўнікоў і забойцаў. Гэта — тры маладыя жаўнеры адной з мясцовых частак. Пасьля адбою ўначы яны рэгулярна выбяраліся з казармы і “патрулявалі” горад. Забілі і абрабавалі некалькі чалавек. Расейцы і самы кажуць, што “гэта ўжо не армія, а крымінальны канцлягер”. Важна, каб гэта зразумелі беларускія юнакі і абаранялі б разам з усім народам нашу незалежную дзяржаву ад усходняй крымінальнай банды.

Маленькая Летува не пабаялася заявіць ультыматум суседняй калясальнай імпэрыі. Расея парушыла графік паставак нафтапрадуктаў у Летуву, тлумачачыся “рамонтам нафтаправоду”. Маючы дакладную інфармацыю аб сапраўдных прычынах нафтавага шантажу, летувіскі ўрад заявіў Маскве, што ў адказ на шантажны “рамонт” Летува перакрое (таксама на рамонт) транзітную чыгунку Расея-Калінінград. Замітусілася, зараўла крамлёўская хеўра: “Да как оні посмелі?!..” А 20 жніўня на летувіскай чыгунцы выбухнула цыстэрна з нафтапрадуктамі. Толькі гераізм і рашучыя дзеяньні пажарнай каманды запабеглі далейшым выбухам. Такі вось дыялёг па-лубянску.

Яшчэ 6 жніўня ў расейскіх інтэрнэтвыданьнях зьявілася сэнсацыйнае паведамленьне. Чарговая сэнсацыя ад незабыўнага Ганса Віка, колішняга кіраўніка групы АБСЭ ў Менску і сапраўднага кіраўніка псэўдаапазыцыі ў Беларусі. Вік у чарговы раз “сдал с потрохамі” (як кажуць на Лубянцы) сваіх кліентаў. Цытуем расейскую копію нямецкага арыгіналу з “Дойчэ Веле”: “Ханс-Георг Вик: Если демократические силы в Беларуси не будут финансироваться из-за рубежа, они исчезнут вообще”. І яшчэ адна цікавая цытата з Віка: “Евросоюз ранее тоже проводил программы по развитию сотрудничества с Беларусью в самых разных сферах, в том числе в области демократии и прав человека. Однако система была такова, что финансировались только те из программ, которые получали одобрение белорусских властей...” У папярэдніх сваіх прызнаньнях Вік быў больш канкрэтным і паведаміў, што грантаўская дапамога для “аб'яднанай апазыцыі” рабілася ім (прадстаўніком эўрапейскай дэмакратычнай структуры) з санкцыі КГБ РБ. Цяпер Вік не называў канкрэтных інстытуцыяў менскай дыктатуры, якія разам з ім аплочвалі на працягу гадоў вінцучкоў-лебедько і іжэ зь імі. Але сэнс выказваньняў ад гэтага не мяняецца. Сказанае цяпер на дыпляматычнай мове чытаецца адназначна на звычайнай чалавечай мове. Вік канстатаваў, што палітычныя путаны адразу ж пакінуць менскую панэль, як толькі ім ня будуць выплочваць грошы. Сапраўдныя патрыёты (а не падстаўныя і створаныя з санкцыі КГБ РБ) вядуць змаганьне за Беларусь, не спадзяючыся на гранты і не патрабуючы санкцыі КГБ. Пра гэта ведае і сам Вік, і эўрапейскае грамадзтва. Вядома нават з нямецкай гісторыі, што нямецкія антыфашысты змагаліся супраць гітлерызма не за гранты і не з санкцыі гестапа, што падчас французкай акупацыі нямецкія паўстанцы змагаліся супраць акупантаў, ня маючы санкцыі ад Напалеёна. На вікаўскую заяву напоўніўся “справедлівым гневом” вядомы Вінцук Вячорка (ён доўга спрабаваў называць сябе “лідэрам БНФ”, а цяпер знаходзіцца на дзесятых-пятнаццатых ролях у мілінкевічаў-калякіных). У “Нар. Волі” за 15 жніўня надрукаваны партрэт “лідэра” і ягоны адлуп Віку, правальшчыку таямніцы палішынэля. Вячорка піша: “Дэмакратычная беларуская справа будзе жыць і пераможа нават тады, калі дапамогі з-за мяжы раптам ня будзе”. Далей ён прыгадвае, як разам з паплечнікамі Дубаўцом і Бяляцкім (вядомымі цяперашнімі архігрантасмокамі) з 1979 г. друкаваў улёткі і езьдзіў “зайцам” на паштовых грузавіках. Тут трэба заўважыць, што Вячорка кажа праўду — так яно й было ў 1979 г. і яшчэ нават на пачатку 1990-х гадоў, пакуль Масква і Захад не дамовіліся аб скалочваньні ў Беларусі антыбеларускай псэўдаапазыцыі, прысьцёбнутай да шклоўскага рэжыму. Як толькі “зарубежные друзья” запрапанавалі грошы, стомленыя “барбой” рамантыкі грошы ўзялі. Яны заявілі аб тым, што “нацыянальная ідэя ізжыла сябе” (Хадыка) і прагаласілі пераход на пазыцыі прагматызму (палітычнага бізнэсу). Вячорка і іншыя грантасмокі здрадзілі ідэалам свайго юнацтва. Гэта ёсьць сапраўдная чалавечая трагедыя, якую бачаць усі, акрамя гэтых людзей. Яны зрабіліся марыянэткамі ў руках сілаў, якія імкнуцца зьнішчыць наш народ і Беларускую Дзяржаву. Яны сталі жыць і дзейнічаць пад камандай Віка і з санкцыі КГБ. І ў гэтай сваёй дзейнасьці зайшлі ўжо так далёка, што шляху назад для іх няма. Застаецца яшчэ адно пытаньне: чаму Ганс Вік у чарговы раз ды так груба здаў сваіх халуёў, сваю агентуру, чаму ён так распрануў іх? Ведаеце, нягледзячы на ўвесь свой прафэсійны цынізм, Гансу Віку таксама “нічто человеческое не чуждо”... Ствараючы на прыканцы 1990-х гадоў падстаўную псэўдаапазыцыю, кіруючы ёю ва ўсіх яе правальных справах, Вік спадзяваўся падзякі ад шклоўскага рэжыму і маскоўскіх гаспадароў. А тыя ўзялі ды вікінулі нямецкага шпіёна з грукатам за межы РБ. Сумленьня няма, а ўсяроўна крыўдна. Да таго ж, афіцыйная Масква пачала зноў весьці самастойную палітыку, непрадугледжаную томскім пактам Молатава-Рыбэнтропа... э-э, прабачце, Пуціна-Мэркель. Вось і вымушаны берлінскі “хросны бацька” шклоўскай псэўдаапазыцыі нанесьці прэвэнтыўны ўдар па створанай ім жа спэцструктуры. Як у Гогаля: “Я тебя породіл, я тебя і убью...” Сапраўды, нічога новага ў параўнаньні з клясікай. Здрада і служэньне ворагу заўсёды прыводзяць да горкіх вынікаў.

21 жніўня ў расейскіх інтэрнэтгазэтах адбыўся пшык. Зьявілася паведамленьне пад выразным тытулам “Ошибочка вышла”. А справа вось у чым. 18 жніўня сёлета Масква-Лубянка пратрубіла на ўвесь сьвет, што ў рамках апошняй патрушаўскай “амністыі” здаўся “на мілость властям” Доку Умараў, які пасьля гібелі Аслана Масхадава зьяўляецца прэзыдэнтам змагарнай Ічкерыі. Расейскія СМІ падалі падборку архіўных відэаматэр'ялаў, выдзяляючы кружочкамі выяву Д. Умарава. Яны таксама падкрэсьлівалі, што Умараў “здался легітімному руководству Чечні і находітся теперь в распоряженіі Кадырова”... У той жа дзень (і на працягу наступнага дня) усі СМІ ўсіх краінаў пачалі перадаваць яркую маскоўскую сэнсацыю, ужываючы тую ж лубянскую лексіку наконт “наконец-то власті смогут заняться восстановленіем міра...”, з тымі ж хранікальнымі здымкамі і г.д. Патрушаўскую “качку” перадрукавалі і сусьветна вядомая лёнданская “Таймс” і (як жартуюць цяпер журналісты) рэгіянальная газэта Папуа-Новай Гвінэі “Джунглі Таймс”. Ды вось “ошібочка вышла”. Чачэнскія партызаны літаральна ў той жа дзень правялі некалькі ўдалых апэрацыяў супраць расейскіх акупантаў і паведамілі, што зрабілі гэта па пісьмовым загадзе з дзяржаўнай пячаткай і за подпісам прэзыдэнта Ічкерыі Доку Умарава. Журналісты з тых, хто пашустрэй, высьветлілі, адкуль растуць доўгія вушы ў лубянскай хлусьні на кароткіх ножках. Аказваецца, у Грозным пражывае старэйшы брат прэзыдэнта Ічкерыі Ахмад Умараў. Ён ніколі ня быў у партызанах, ня жыў у падпольлі, працуе хімікам-выкладчыкам. Гэта яго прыхапіў падчас чарговай аблавы на вуліцы пэрманэнтна ўстрывожаны патруль маскоўскіх карнікаў і арыштаваў “за фамілію”. На Лубянцы сюжэт спадабаўся, дзяржынскія інтэлектуалы вырашылі даць інцыдэнту ход. І пачалося... Чэкісты цяпер сьмяюцца, паціраюць ручкі. Гартаючы брытанскія і папуаскія газэты, мы чамусьці ня бачым абвяржэньняў нядаўняй дэзы. Ніхто не апраўдваецца перад чытачамі, многія з якіх ніколі не даведаюцца пра расейскія публікацыі на тэму “ошібочкі”. У каторы раз заходнія спэцы былі ўведзены ў зман і спушчаны з ланцуга ў беспардонна прымітыўны спосаб. Яны пабегалі, пабрахалі, сагрэліся і вярнуліся ў сваю камфортную будку адсопвацца. Вось такі ўзровень выпускнікоў оксфарда і кэмбрыджа з тысячнымі ганарарамі (мы ня раз сустракалі іх у Беларусі і потым чыталі іхны тупізм пра наша жыцьцё і праблемы, пра “герояў” вінцучкоў-лебедько). Гэта такія вось “служыцелі ісьціны” друкавалі ў 1940 г. паведамленьні пра “мірныя ініцыятывы Гітлера”, калі на французкіх дарогах ужо пылілі нямецкія танкавыя калёны курсам на Парыж. Дурні на Захадзе не пераводзяцца.

22 жніўня ў РФ шумна адзначаецца “день россійского флага”. Афіцыйная прапаганда не змагла пражыць гэты дзень, каб не надурыць людзей гэбельсаўскімі крамлёўскімі міфамі на тэму дня. Усім паведамілі, што цяперашні трыкалёр РФ, аказваецца, быў упершыню ўзьняты на ваенным караблі ў часы цара Аляксея Міхайлавіча (таго самага цара-жывадзёра, пад камандай якога маскоўскія акупанты зьдзяйсьнялі палітыку татальнага зьнішчэньня ў Беларусі і іншых краінах падчас вайны 1654-1667 гг.). Навукай даўно ўжо даказана, што па-першае, ў расейцаў да Пятра І зусім не было ніякага флёту. А па-другое, Пётр перарысаваў гэты трыкалёр з нідэрляндскага сьцягу, памяняўшы месцамі колеры. Але трэба было лішні раз пракукарэкаць з крамлёўскай вежы пра “веру, царя і отечество”. Расейскае тэлебачаньне пачало сьвяточны рэпартаж з вуліцаў Уладзівастока, дзе маладзёны з “Едіной Россіі” выходзілі на аўтастрады і прывязвалі на антэнаў машынаў трыкалёрныя стужкі. Глядзелася гэтая няўклюдная прэтэнзія на “патріотіческій порыв” надзвычай бяздарна. У нармальных краінах насельніцтву ня трэба нічога навязваць, самы людзі ў такія дні выходзяць на вуліцы з нацыянальнымі сьцягамі ў руках. А тут чарговая стракатая пустышка ў знаёмым стылі “добровольно-прінудітельно” (сьведчаньне пра агульнадзяржаўную раўнадушнасьць грамадзтва).

У Маскве вымушаны былі згадаць таксама пра 15-я ўгодкі правальнага жнівеньскага путча 1991 г. Сабралася чалавек 600, наперадзе ішлі Хакамада з Нямцовым, якія несьлі транспарант “Сохраним Потомкам Свободу” (Атрымалася абрэвіятура СПС. Але пра што гэта яны, пра якую свабоду?). Іграла вясёлая музыка. Адбыўся невялікі мітынг у цэнтры імпэрскай сталіцы. На мітынгу выступілі ўдзельнікі маскоўскіх барыкадаў 1991 г. Выступіў сп. Усаў, бацька маладзёна, які загінуў тады пад гусеніцамі бранемашыны дывізіі Дзяржынскага. Ён казаў пра свайго сына і ягонае пакаленьне, якое было паверыла тады ў свабоду і пайшло абараняць яе з думкай пра дэмакратычную Расею. Мітынг, як на шматмільённы горад, аказаўся камэрны і малапрыкметны. Але чаму ж імпэрскія тэлеканалы пабаяліся перадаць прамы рэпартаж з гэтага лякальнага мерапрыемства? Можа яны напалохаліся сп. Усава, які казаў пра расейскае пакаленьне, раздушанае танкамі? А можа раптам нехта з удзельнікаў тых і цяперашніх падзеяў узяў бы ды ляпнуў у тэлекамэру, што трэба распускаць імпэрыю, бо інакш ня будзе свабоды? Замест тэлерэпартажа мільёны гледачоў выслухалі камэнтар вядомага лубянскага тэлекамэнтатара Кандрацьева, які пра ўсё і сам распавёў. Стала зразумелым для многіх, што свабоду і дэмакратыю ў Маскве ўжо даўно “схапіў Кандрацій”...

Банальная раніца. За кавай і гарбатай перад выйсьцем на працу беларус, як мільёны іншых людзей на плянэце, слухае радыё. Большасьць радыёстанцыяў на беларускіх хвалях і іншых СМІ ў адкрытую выконваюць функцыю як той казаў “коллектівного організатора і руссіфікатора”. “Комсомольская правда”, “Русская волна”, “Русское радіо” — іх процьма ў нашым жыцьці. Яны, як зязюліны дзеці, выштурхнулі з беларускага гнязда ўсё наша, усё чалавечае і нармальнае. Гэтая зьява даўно ўжо мае сваю назву — гэбельсаўшчына, што значыць — чужая, бязьмежна хлусьлівая і нахабная дэзынфармацыя. Калі беларус нават знойдзе радыёстанцыю на роднай дзяржаўнай мове, то падумае, што лепш бы яе ня было. У камунікаце навінаў дыктар штучным голасам біяробата бадзёра паведамляе нам “важныя паведамленьні”: “У Жабінкаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці сёньня адбудзецца паседжаньне райвыканкаму, будуць абмеркаваны праблемы мастацкай самадзейнасьці і падвышэньня культурнага ўзроўню... У Маскве выступіў сакратар СНД, адказны за беларуска-расейскую дружбу і распавёў, як яна (гэтая дружба) і культурная супрацоўніцтва ўмацоўваюцца...” Такое ўражаньне, што ўсю папярэднюю ноч грамадзяне Беларусі не маглі заснуць, варочаліся з боку на бок, часта ўставалі з ложка і нэрвова палілі на кухні. Яны ўсё думалі: “Ну, як там у Жабінкаўскім раёне? Ці няма якога адставаньня ў разьвіцьці мастацкай самадзейнасьці? Ці хапае гармонікаў і бубнаў у жабінкаўскім клюбе? А ў Маскве, ці дастаткова моцна наладжваюць там дружбу з РБ?” Гэткія “навіны” у сталіцы, а правінцыялы, як заўсёды, бяруцца за гэбельсаўскую справу яшчэ з большым энтузіязмам.

Вось прыклад ранішняй забаўляльнай нібыта праграмы гомельскага тэлебачаньня. Цвіком сёньняшняга эфіру выведзены тэлесюжэт у стылі “настальжы”. Тэлевядучы (не вымаўляе адэкватна большасьць зычных): “А теперь мы познакомим вас с коллекционером значков из Ново-Белицы. Он уже много лет собирает значки, посвящённые Владимиру Ильичу Ленину. Собрал несколько тысяч...” І буйным плянам паказваюць грамадзяніна, абвешанага з ног да галавы ленінамі. Можна было б пасьмяяцца з гэтага гэбельсаўскага маразма, які добра знаёмы беларусам сталага пакаленьня па савецкіх часах. Але ня сьмешна. У гэты ж дзень у Менску адбываецца афіцыйнае выгнаньне на брук пісьменьніцкай арганізацыі нашай краіны. Па ўсёй Беларусі напярэдадні 1 верасьня падпісаны загады на ліквідацыю яшчэ некалькіх дзесяткаў беларускіх школаў, ператвораных у “русскоязычные”. У Маскве пад сурдзінку пра “дружбу” зроблена яшчэ некалькі крокаў па рэалізацыі пляна зьнішчэньня Беларускай Дзяржавы. А яны нам пра жабінкаўскі клюб і Леніна.

Гэбельсаўшчына не бывае сьмешнай. У савецкі час крамлёўскія гэбельсаўцы паведамлялі нам штораніцы, колькі дзіцячых садкоў за мінулыя суткі пабудавалі савецкія жаўнеры ў мірным Аўганістане. А курсам на Менск, Гомель і Горадню з Кабула ўжо ляцелі самалёты, напоўненыя забітымі і скалечанымі беларусамі, ахвярамі маскоўскай авантуры. Інфармацыйная гэбельсаўшчына зьяўляецца важнейшым элемэнтам рэстаўрацыі русіфікатарскага, антыбеларускага ладу ў нашай краіне. Трэба прызнацца, што такіх пачварных формаў не дапускае са сваім насельніцтвам нават расейская прапаганда. Нам хочуць даказаць, што мы нейкія адсталыя і недаразьвітыя істоты, што наш духоўны ўзровень якраз і адпавядае ўзроўню іхнай русіфікатарскай гэбельсаўшчыны. Гэта ёсьць толькі пачатак. Калі, крый Божа, на нашай зямлі ў адкрытую атабарыцца расейскі акупант і заявіць, што “Белоруссія — это часть Россіі”, то цалкам завершыцца рэстаўрацыя крамлёўскіх бурбонаў. Нашы юнакі зноў будуць гінуць на Каўказе і іншых каляніяльных войнах крамлёўскай імпэрыі, зноў самалёты будуць везьці ў нашы семьі трупы і калек. А радыё з тэлебачаньнем будуць зноў весела паведамляць пра пабудову дзіцячых садкоў у Грозным і Хасавьюрце. Каб гэтага не здарылася, наш народ мусіць абараніць Бацькаўшчыну ад расейскай імпэрскай агрэсіі.

25 жніўня СМІ ўсяго сьвету паведамляюць з Каіру. Сьвяточныя натоўпы танцуюць на вуліцах і плошчах, у паветра ўзьлятаюць шматколерныя ракеты салюта. А пасярод сьвята нетаропка рухаецца гранітны гігант — шматмятровая гранітная статуя вагой у 100 тонаў. Гэта выява Рамзэса ІІ, аднаго з найвялікшых фараонаў Старажытнага Эгіпту (кіраваў краінай з 1290 па 1224 г. да н.э.). Старажытная статуя была ўсталявана насупраць чыгуначнага вакзалу сталіцы роўна 50 гадоў таму, паводле загаду тадышняга эгіпецкага прэзыдэнта Гамаля Абдэль Насэра, як сымбаль адраджэньня велічы незалежнага Эгіпту пасьля двух тысячагоддзяў каляніяльнай залежнасьці ад розных акупантаў. Навукоўцы і ўлады прышлі да высновы, што старажытная статуя псуецца пад узьдзеяньнем загазаванага выхлапамі паветра сучаснага гораду. На гіганцкай плятформе яе перавозяць у раён Гізэ, дзе непадалёк ад знакамітых пірамідаў пачынаецца стварэньне вялікага музэю старажытнасьцяў.

Эгіпцяне ведаюць і любяць сваю гісторыю і культуру, натхняюцца былой веліччу сваёй радзімы. Не выпадкова кіраўніцтва краіны прыняло рашэньне аб усталяваньні ў Каіры статуі Рамзэса ўвосень 1956 г. То быў год перамогі эгіпецкага народу ў няроўнай барацьбе за сваю волю і незалежнасьць. Серыя драматычных падзеяў пачалася 26 ліпеня 1956 г. Прэзыдэнт Насэр прыбыў у партовы горад Александрыю на сьвяткаваньне 4-й гадавіны ліпеньскай рэвалюцыі 1952 г. (тады група маладых афіцэраў начале з Насэрам скінула з трона слабавольнага караля Фарука, які падпарадкоўваўся інтарэсам замежных каляніялістаў, і ўсталявала ў Эгіпце рэспубліку). На цэнтральнай плошчы сабраліся сотні тысячаў людзей, — гараджане, фэлахі, вайскоўцы, рыбакі, студэнты. Настрой быў сьвяточны. Насэр гаварыў пра спробы нэакаляніялістаў падпарадкаваць Эгіпет чужым інтарэсам. Выдатны аратар, ён артыстычна імітаваў галасы і павадкі каляніяльных палітыкаў, перасыпаў прамову народнымі прыслоўямі. Людзі ад душы сьмяяліся. Замежныя карэспандэнты паведамлялі ў свае агенцыі: “Прэзыдэнт жартуе...” Але раптам тон Насэра зрабіўся сур'ёзным. Ён зьвярнуўся да тэмы Суэцкага каналу: “Заходнія кампаніі атрымліваюць штогод сто мільёнаў даляраў чыстага прыбытку ад каналу, які знаходзіцца на нашай тэрыторыі. Нам, — эгіпцянам, — яны аддаюць нікчэмную, жабрацкую долю прыбыткаў: усяго тры мільёны... Так далей ня можа быць. Сёньня я падпісаў загад аб нацыяналізацыі Суэцкага каналу...” Людзкое мора выбухнула магутным крыкам радасьці. (Пазьней гісторыкі напішуць, што гэта эгіпецкі сфінкс падаў свой голас, абудзіўшыся ад двухтысячагадовага сну). Пачуўшы з радыётрансляцыі гэтыя словы прэзыдэнта (заранёў дамоўлены пароль), эгіпецкія войскі і чыноўнікі пачалі займаць аб'екты каналу. Апэрыцыя была бліскуча падрыхтавана. Аб пляне ведалі толькі некалькі найбліжэйшых паплечнікаў Насэра. Заходніх “гаспадароў” рашучыя дзеяньні сапраўдных гаспадароў захапілі знянацку.

На працягу некалькіх наступных месяцаў Брытанія і Францыя (асноўныя валадары выгаднага каналу) пагражалі Эгіпту і распрацоўвалі разам з Ізраілем пляны ваеннай апэрацыі супраць непакорлівай краіны. Заходнія каляніялісты меркавалі, што эгіпецкая армія, значна слабейшая колькасна і па якасных паказчыках, ня здолее абараніць Эгіпет. Маўляў, удасца аднавіць статус-кво, калі “фэлахі разьбягуцца ад першага ж стрэлу”... Эгіпецкае кіраўніцтва, маючы адзінадушную народную падтрымку, адкінула ўсі нахабныя ўльтыматумы заходніх нэакаляніялістаў. 23 кастрычніка 1956 г. Брытанія, Францыя і Ізраіль распачалі ваенныя дзеяньні супраць Эгіпту. З першага дня вайны стала бачна, што праект бліц-крыгу правальваецца. Хаця эгіпецкія генэралы старой школы разгубіліся і прайгралі сваім супернікам на стратэгічным напрамку на Сінайскай паўвысьпе, паўсюль (як гэта ня раз было ў гісторыі) сітуацыю ратавалі эгіпецкія жаўнеры і малодшыя афіцэры. Іхнія рашучасьць, баявое майстэрства і патрыятычны імпэт адразу ж пачалі зрываць графік інвазіі. Кожную захопленую пазіцыю агрэсары аплочвалі дарагім коштам спаленай бранетэхнікі і людзкіх стратаў.

Бог дапамагаў салідарнаму народу, які бараніў сваю Бацькаўшчыну. Паводле пляну заходнія хаўрусьнікі павінны былі зьнішчыць эгіпецкую авіяцыю непасрэдна на аэрадромах у выніку нечаканага налёту. Але Насэр пасьпеў схаваць самалёты на запасных сакрэтных аэрадромах у пустыні. Убачыўшы пустыя авіябазы, англа-французкая авіяцыя адбамбілася на жылых кварталах мірных гарадоў (гэта толькі ўзмацніла волю народу да супраціву). Хаўрусны паветраны дэсант на гарады ў зоне каналу сустрэў адчайны супраціў эгіпецкіх войскаў. Вайна зацягвалася. Пачалася міжнародная дыпляматычная кампанія па мірнаму ўрэгуляваньню канфлікта. Вырашальную ролю тут адыгралі Злучаныя Штаты Амэрыкі, якія выступілі супраць вайны і падтрымалі эгіпецкае кіраўніцтва. У выніку давялося англа-французкім каляніялістам адступіць, эгіпецкі народ вярнуў сябе сваю нацыянальную маёмасьць і поўны кантроль над сваімі багацьцямі і тэрыторыяй.

У дзень, калі эгіпцяне сьвяткуюць вакол статуі Рамзэса, краіна ў дэльце Нілу аглядае сваю велічную Гісторыю. Злучаюцца стагоддзі, народная душа напаўняецца гонарам. Народ, які верыць у сваю перамогу і змагаецца салідарна, перамагае значна мацнейшага ворага.

25 жніўня перад публікай выступалі галоўны гэбіст Патрушаў і галоўны крамлёўскі “казак” Козак (спэцпрадстаўнік Крамля на Поўдні імпэрыі). Яны распавялі пра посьпех апошняй патрушаўскай “амністыі” у Чачэніі і пра “мір” на Каўказе. Казак Козак дагаварыўся нават да таго, што “у Чачэніі за апошні пэрыяд утрая зьменшылася тэрарыстычная дзейнасьць”. Партызанскі супраціў расейскай акупацыі яны ўжо мераюць, як ураджай бульбы або буракоў. Далей Козак, аднак, паведаміў, што “тэрарыстычная дзейнасьць выйшла па-за межы Чачэніі...” Вось тут з крамлёўцамі немагчыма не пагадзіцца. Уноч на 25 жніўня па дарозе ў Стаўрапольскім краі шалёна ляцеў мэр Пяцігорска Тарасаў з аховай. Ягоны браніраваны аўтамабіль урэзаўся ў цывільны аўтамабіль. У выніку загінулі пяць цывільных грамадзянаў. Забойчыя звычкі гэты Тарасаў прывёз з Чачэніі, дзе яшчэ нядаўна служыў “нампрэмьера” прамаскоўскага “ураду” Кадырава.

26 жніўня грузінскія ўлады паведамілі міжнароднай супольнасьці, што на тэрыторыі Абхазіі ў адкрытую гаспадараць расейскія акупанты. Справа ў тым, што “казакі” (такіх у Абхазіі і ў Грузіі ў цэлым ніколі не было) занялі Інгурскую ГЭС у раёне паселішча Сабэрыо. Вядома, хто курыруе ва ўсіх канцах постсавецкай прасторы (у тым ліку і ў Беларусі) гэтых засланых казачкоў. Лубянская кагорта складаецца з адстаўнічкоў-асаднікаў, якія ненавідзяць усё беларускае, украінскае, грузінскае і г.д. Хутчэй за ўсё ў Абхазіі, аднак, атабарыліся не “ряженые” адстаўнічкі, а пераапранутыя ды з нагайкамі рэгулярныя расейскія часткі. Спадзяемся, што ў хуткім часе грузінскія гаспадары сваёй зямлі пакажуць на прэс-канфэрэнцыі якога-небудзь “языка” з ліку гэтых акупантаў. Ён і раскажа, адкуль там узяўся.

28 жніўня “самы дэмакратычны тэлеканал РФ” НТВ круціць сюжэт пра “дасьледваньні генэтычнага коду беларусаў у Акадэміі навук РБ”. Сюжэт не інфармацыйны, а чыста гэбельсаўскі, блюзьнерскі, зьняважлівы. Тон расповеду пра “что такое белорусская нація” вытрыманы гнюсна-сатырычны і звыродліва зьдзеклівы. Пачынае рэпартаж мясцовы агенцік НТВ, апрануты ў саламяны капелюш і шытую кашулю. Ён жа падае далей “інтэрв'ю” з нейкімі маладзёнамі і падлеткамі. Першыя, махаючы рукамі, дэманструюць, якім павінен быць “настояшчій белорус”: “На одном боку у него должна висеть бутыль с горелкой, на другом мешок с картошкой, а в руках колбаса...” Падлеткі ў сваю чаргу рагочуць і лапочуць нейкія глупствы па-украінску. Загадчык лабараторыі ў НАН РБ не далёка пайшоў ад падстаўной масоўкі. “Учёный муж” з крывой усьмешачкай расказвае: “Некоторые утверждают, что белорусы — это говорящие по-славянски балты. А писатель Короткевич даже считал, что белорусы и есть самые русские из русских... Мы тут покажем, какой на самом деле генокод белорусов...” Ага, гэты нам пакажа. А тэлекамэра дэманструе мізэрнае абсталяваньне лабараторыі, дзе недалёкія спэцы “выводзяць” наш код. Зразумела, што імпэрыя прыкладала і будзе прыкладаць намаганьні дзеля таго, каб даказаць і расейцам і па магчымасьці беларусам, што сапраўднай беларускай нацыі няма, што дзівакі ў саламяным капелюшы з бульбай і гарэлкай — гэта лёгкі матэр'ял для імпэрскага захопу, паняволеньня, русіфікацыі і паступовага зьнішчэньня. Толькі рана яны рагочуць і кпяць. Неадэкватна вясёлай агентуры можна паказаць безьліч месцаў у нашых гарадах і лясах, дзя валяюцца сабачыя косьці акупатнаў, якія ўламваліся на нашу зямлю, каб зьнішчыць наш народ.

27 жніўня 39 японскіх рыбацкіх шхунаў дэманстрацыйна лавілі рыбу і краба каля Курыльскіх выспаў у месцы, дзе “бдітельные” расейскія памежнікі без прычыны застрэлілі 16 жніўня сёлета японскага рыбака. Рыбакі рабілі сваю справу, не зважаючы на гістэрычныя крыкі расейскай памежнай аховы і не ўцякаючы ад пагрозаў. Гэта была дэманстрацыя салідарнасьці японскіх работнікаў са сваім загінуўшым калегай. Японцы добра ведаюць, што расейская імпэрыя за 60 гадоў акупацыі японскіх Курыльскіх выспаў ператварыла іх у зону, нявыносную для жыцьця. Але імпэрыя ўсё гарланіць са сваіх памежных кацяроў пра “ні шагу назад”...

29 жніўня ў расейскім войску адбыўся гэтым разам камічны інцыдэнт. У аўтароту пад Навасібірскам патэлефанавалі нейкія рэзкія галасы, прадставіліся “вышэйшым камандваньнем” і аддалі загады. Потым у частку прыехаў афіцэр, паказаў ахове нейкія паперы і загадаў “загружаць тавар”. Мясцовыя жаўнеры з энтузіязмам перадалі жулікам 24 грузавікі КрАЗ з пантонамі і 6 ваенных кацяроў. Урэшце праз пару дзён узьняўся вэрхал і пачаліся аблавы. Злавілі дваіх “афіцэраў”, якія ўжо прадалі мясцовым лясгасным фірмам частку стратэгічнага тавару і рэалізавалі атрыманыя грошы ў новыя творчыя ініцыятывы.

У расейскіх СМІ апошнімі днямі вядзецца абмеркаваньне падрыхтоўкі “оппозіціі” перад парляманцкімі выбарамі. Зноў загучала імя міністра вайны РФ С. Іванова, якога паводле кулуарных зьвестак сватаюць у генсекі “левых сілаў” (што ствараюцца цяпер з партыі Жізні, партыі Родіны і партыі пэнсінэраў). Іваноў, прыхоплены на гарачым учынку, залемантаваў: “Чушь собачья!..” Але журналісты з ліку кемлівых працягваюць тэарэтызаваньні. І робяць выснову, што крамлёўская ўлада займаецца “глябальнай падменай паняцьцяў”, прасьцей кажучы, зьбіраецца надурыць расейскае грамадзтва. Начале нібыта “оппозіціі” зьбіраюцца паставіць “верного путінца”, “крамлёўскага ястраба” зьбіраюцца выставіць самым левым. Якое гэта ўсё нам знаёмае: рэжым і прысьцёбнутая да рэжыму псэўдаапазыцыя. Як і ў РБ, ёсьць у наяўнасьці санкцыя ФСБ. Не хапае толькі незабыўнага Ганса Віка. А шкада, ён бы скамандваў па-пруску, і журналісты ня піскнулі б (як гэта адбылося ў Беларусі). Знаёмыя сцежкі-дарожкі лубянскіх “оппозіціонеров”.

Сталічныя шпіталі завалены параненымі. Ад рэжымных СМІ і ад так званых “дэмакратычных” не дачакацца паведамленьняў пра чарговую драму ў Менску. Назва драмы знаёмая — “день піва” (зрабіўся ўжо “государственным праздніком”). 27 жніўня антыбеларускі рэжым заліваў сталічную моладзь дармовым півам. З эстрадаў надрываліся рок-групы, масавікі-зацейнікі праводзілі конкурсы на тэму “дружбы с Россіей”... Адным словам, усё было, як у жніўні 1999 г., калі на такіх жа сатанінскіх скоках загінулі і былі скалечаны сотні маладых людзей на Нямізе. З самай раніцы ў шпіталях сталіцы стаялі ўзмоцненыя нарады мэдыкаў-траўматолягаў. Юнакі і мужчыны з паламанымі рукамі і нагамі, прабітымі галовамі паступалі ў шпіталі на працягу нядзельных вечара, начы і раніцы. Пакуль не вядома, ці быў хто забіты.

Шклоўскі рэжым і ягоная псэўдаапазыцыя прадэманстравалі падрыхтоўку да “дня знаній”. 30 жніўня расейскія тэлеканалы паказалі шклоўскіх міністраў, якія радваліся лукашэнкаўскай рэформе “родного языка, после которой нам будет прошче разговарівать на одном із государственных языков Белоруссіі...” Тыя ж тэлеканалы паказалі двух “оппозіціонеров”. В. Вячорка сказаў пра “рэформу”: “Улада пасылае інтэлігенцыі такі мэсыдж пра беларускую мову...” Рэдактар “Нашай Нівы” (народ даўно ўжо кажа, што гэта “Іхная Ніва”) А. Дынько таксама выказаўся: “Это желание запретить какую-то часть белорусской культуры, какую-то часть белорусского языка...” На фоне вайны рэжыму супраць усяго беларускага, ва ўмовах чарговай спробы канчатковага зьнішчэньня нашай мовы гэтыя запісныя “оппозіціонеры” схалястычна разважаюць пра “мэсыдж” і “какую-то часть”. Якая ўсё ж брыдота.

Многія СМІ сьвету паведамілі пра адкрыцьцё ў Тбілісі выставы “Савецкая акупацыя Грузіі. 1921-1991 гг.” Экспазіцыя заняла цэлы паверх Нацыянальнага музэя гісторыі Грузіі. Тысячы дакумэнтаў, здымкаў, відэаматэр'ялаў распавядаюць пра трагедыю краіны, акупаванай маскоўскімі бальшавікамі. 900 тысячаў грузінаў былі забіты або высланы ў ГУЛАГ расейскімі акупантамі (агромністая лічба для колькасна невялікага народу). Масква адразу залемантавала пра “несправядлівыя абвінавачваньні” і пра “мы таксама жертвы”. Выстава на тэму расейскага генацыду супраць беларусаў таксама адбудзецца ў Менску пасьля ліквідацыі маскоўскай акупацыі нашай краіны.

Янка Базыль