НЕМЦЫ “ЗЬВЯЖУЦЬ РАСЕЮ З ЭЎРОПАЙ”.

1 верасьня 2006 г. Дацкая газэта “Politiken” піша, што амэрыканскі часопіс “Форбс” разрэклямаваў канцлерку ФРГ Мэркэль як “наймагутнейшую жанчыну плянэты”. На здымку фраў Мэркэль няўклюдна лезе ў люк падводнай лодкі падчас візыту на ваенна-марской базе ў Варнэмюндэ.

Наш камэнтар: Навучылася фраў Мэркэль лазіць па падлодках у “лучшего друга Владіміра”. Забылася толькі, што пасьля візытаў Пуціна на ваенныя мэханізмы пад ваду і ў паветра абавязкава адбываліся жудасныя катастрофы, гінулі маракі і лётчыкі. Наагул, апошнімі днямі Нямеччыне прысьвечана шэраг артыкулаў у заходніх СМІ, а таксама і самой Нямеччыне. Сярод іншага паведамляецца пра нядаўнюю заяву нямецкага эстэблішмэнту пра “дружбу з Расеяй”. Немцы заявілі, што выкарыстаюць сваё старшынства ў Эўразьвязе (пачынаецца з 1 студзеня 2007 г.) дзеля таго, каб “зьвязаць Расею з Эўропай”. Берлінскі эстэблішмэнт заявіў таксама пра сваю “новую палітыку на Усходзе”. Нікога іншага “на Усходзе”, акрамя Расеі, берлінцы не згадалі. Становіцца зразумелым, што беларусам, украінцам і малдаванам прыйдзецца супрацьстаяць ня толькі расейскаму каляніялізму, але і хаўруснаму Крамлю прускаму. Нічаму не навучыліся немцы з гісторыі, далёкай і блізкай. Зноў гуляюцца з Масквой у лёсы народаў, як у шашкі. Памятаем, як яны вялі прарасейскі рэй яшчэ ў 1970-я гады. Быў тады такі прамаскоўскі канцлер Вілі Брандт. У хуткім часе, аднак, высьветлілася, што паперкі пра “дружбу з Масквой” і пра ўсё іншае на подпіс яму падносіла сакратарка, што служыла ў Штазі (спэцслужбе ГДР, падпарадкаванай Лубянцы). “Друзья” груба падставілі свайго “друга”. Тады з Бона доўга разносіліся па ўсёй Эўропе праклёны і грукат праваленай прарасейскай палітмадэлі. Пачакаем, ня можа быць, каб Масква і гэтым разам не “падвяла пад манастыр” нямецкіх партнёраў.

Валеры Буйвал