БАЯЦЦА АРАБАЎ

31 жніўня 2006 г. Бэльгійская газэта “Het Volk” піша пра працяг панікі ў заходніх аэрапортах. У аэрапорце Нью-Ёрка не дапусьцілі ў самалёт мясцовага араба ў маечцы. Справа ў тым, што на маечцы было напісана нешта па-арабску. Ніхто не прачытаў, што там напісана, але куфічная вязь выклікала страх у пасажыраў. Кліент падняў шум. Аказалася, што ён — актывіст ірацка-палестынскай арганізацыі за правы чалавека, а на маечцы было напісана “Мы не павінны маўчаць”. Такім чынам ён пратэставаў супраць амэрыканскай прысутнасьці ў Іраку.

Наш камэнтар: Што ж, асьцярожнасьць ніколі не бывае залішняй. Але нават сам араб ведаў, што знаходзіцца ў цывілізаванай краіне і мае права выказваць сваю думку і нават крытыку амэрыканскага ўраду. Толькі ўзьнікае пытаньне: чаму такая рэакцыя на Захадзе ўзьнікае выключна на арабскія надпісы, чалмы і чадор? Сапраўдныя арганізатары тэрарыстычнай вайны супраць чалавецтва, — пуцінскія лубянцы, — свабодна лётаюць па ўсім сьвеце. Яны ня носяць маечак з сярпом і молатам, яны апрануты ў эўрапейскія касьцюмы. Пасьмейваюцца сябе пад нос, чуючы чарговы вэрхал у аэрапортнай чарзе. Так можна ваяваць супраць чалавецтва тысячу гадоў.

Юрка Марозаў