ЗНОЎ ЗА СВАЁ

Антыбеларускі рэжым рыхтуе чарговы акт нацыянальнай здрады: фальшывыя “мясцовыя выбары” разам з антыканстытуцыйным рэфэрэндумам аб “інтэграцыі Беларусі ў Расею”. 30 жніўня нібыта ў сувязі з гэтым у Менску засядала “аб'яднаная апазыцыя”. Пачытайце, пра што разважалi гэтыя людзі на сваім паседжаньні. Перадрукоўваем выняткі з рэпартажу карэспандэнта радыё Свабода А. Дашчынскага. Як кажуць маскоўцы, “комментарии излишни”...

“... У Менску на сваім пасяджэньні палітычная рада аб'яднаных дэмакратычных сілаў абмяркуе пытаньні, зьвязаныя з удасканаленьнем працы кааліцыі.

На палітраду між іншым выносіцца прапанова намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча аб вылучэньні дэлегатаў на чарговы кангрэс дэмакратычных сілаў. Паводле спадара Івашкевіча, суб'екты кааліцыі павінны вылучаць кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах шляхам збору подпісаў. Тыя кандыдаты, якія набяруць ня менш за 500 подпісаў выбарцаў аўтаматычна становяцца дэлегатамі кангрэсу.

Лідэр аб'яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што 8 верасьня зь Берасьцейшчыны распачынае сэрыю паездак па 25-ці гарадах Беларусі. Паводле спадара Мілінкевіча, на паседжаньні палітрады трэба абмеркаваць ўдзел кааліцыі ў маючых адбыцца мясцовых выбарах. Ён лічыць, што крызыс у кааліцыі ўжо мінуў, а цяпер многа прапановаў, якія абмяркоўваюцца. Да прыкладу выказана прапанова правесьці кангрэс дзеля стварэньня новай канфігурацыі дэмсілаў.

(Мілінкевіч:) “Я лічу, што самае важнае працаваць зь людзьмі, езьдзіць па рэгіёнах, распаўсюджваць інфармацыю, дыялёг. А кангрэсы ўсё ж такі — гэта нашыя тусоўкі. І ці мы маем права толькі гэтым займацца, а іншым не? Вось гэта дрэнна. Калі спалучым, можна рабіць. Проста ў залежнасьці ад таго, ці зможам рабіць галоўнае і адначасова другаснае. Кангрэс — гэта другаснае. Першаснае — гэта людзі. Мы ж ішлі на выбары таксама разумелі, што выбараў не будзе, аднак ішлі і працавалі шчыра, таму што змагаліся за людзей. І зараз гэта ж можна рабіць. Можна з насельніцтвам працаваць, насельніцтва ж нічога не разумее, што адбываецца”.

Тое што гавораць і рыхтуюць калябаранты гучыць надзвычай цынічна. Тым часам сытуацыя, якая пачынае складвацца відаць, як кажуць, няўзброеным вокам і выклікае занепакоенасьць. Ніжэй прыводзім вытрымку з нядаўняга артыкулу Зянона Пазьняка:

“Аб'яднаньне двух партыяў Фронту немагчымае. (Пра гэта ня раз пісалася). Занадта вялікая шкода нанесена Беларусі калябарантамі. Але каб неяк аддаліцца ад адказнасьці і хоць бы часткова змыць сваю віну, група Хадыкі-Вячоркі павінна б была выйсьці з хаўрусу з прамаскоўскімі партыямі і з камуністамі, якія цяпер найбольш агітуюць за ўдзел у выбарах у мясцовыя ворганы ўлады. Пасьля дамоўленасьці Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы аб правядзеньні ў канцы гэтага году рэфэрэндуму ў Беларусі аб так званым “канстытуцыйным акце”, становіцца зразумела, што рэфэрэндум аб інкарпарацыі Беларусі ў Расею будуць сумяшчаць з выбарамі ў мясцовыя саветы. Яшчэ ніколі (за ўсе 12 гадоў рэжыму Лукашэнкі) не ўзьнікала такой сьмяртэльнай небясьпекі для існаваньня нашай дзяржавы і нацыі як пачынае гэта зьяўляцца цяпер. Катэгарычна нельга ўдзельнічаць ў гэтых “мясцовых” выбарах і ў рэфэрэндуме. Катэгарычна нельга ісьці галасаваць. Нельга сунуць галаву ў фальсіфікацыйную машыну. Гэта будзе самазабойствам Беларусі. Неабходна рыхтавацца да супраціву і выходзіць на вуліцы, а не на галасаваньне. Ня трэба быць і палітыкам, каб гэта ўсё разумець.

Рашэньне трэба прымаць хутка. Калі ж выбар ня будзе зроблены і шанс не скарыстаны, і былыя фронтаўцы ў чарговы раз (усьлед за калякінымі, лябедзькамі, бухвоставымі, каралямі і ўсёй гэтай прамаскоўскай зграяй) зноў пойдуць заганяць народ на фальшывыя выбары ды рэфэрэндум, то змыць віну ім ня ўдасца потым нават сваёй крывёй. А тое, што пальецца беларуская кроў, калі здадуць Беларусь пад Расею, — можаце не сумнявацца. Толькі будзе ўжо позна.”

23 жніўня 2006 г.

Інфармацыйная камісія КХП — БНФ