КРЫЗІС У ЭЎРАЗЬВЯЗЕ
30 жніўня 2006 г. Нідэрляндская газэта “Algemeen Dagblad” паведамляе пра сустрэчу ў Парыжы міністраў па эўрапейскіх справах краінаў Эўразьвязу. На сустрэчы выступіла міністар гэтых справаў Францыі Катрын Калёна. Яна заявіла, што “кепскае функцыянаваньне Эўразьвязу ўсіх бянтэжыць”. Эўразьвяз не задавальняе грамадзянаў Эўропы. Структура ня здольная вырашаць сур'ёзныя праблемы: такія, як нэлегальная іміграцыя або пажары ў паўднёвай Эўропе. Трэба менш займацца малымі праблемамі і больш апэратыўна вырашаць буйныя праблемы. Паводле французкага міністра, паўстае пытаньне, ці наагул Эўразьвяз можа прымаць важныя рашэньні.
Наш камэнтар: Прызнацца, мы рэдка чуем такія шчырыя самааналізы з трыбунаў Эўразьвязу. Эўрапейцы на розных узроўнях ўсё часьцей задаюць сабе пытаньні: “А чым займаецца бязьмежна разьдзьмутая шматтысячная брусэльска-стразбурская бюракратыя? Чаму з нацыянальных бюджэтаў, з кішэняў падаткаплацельшчыкаў на гэтую супэрструктуру даводзіцца аддаваць штогод усё больш калясальных сродкаў? Ці вырашылі нікім не абраныя барозы і саляны з фэрэрай-вальднэр хаця б адну сур'ёзную праблему?” Крызісныя тэндэнцыі сталіся відавочнымі асабліва пасьля леташняга правалу штучнага дакуманту пад назовам “эўрапейская канстытуцыя” на рэфэрэндумах у Францыі і ў Нідэрляндах.
Ёсьць аб чым спытаць брусэльскіх палітыкаў і нам, беларусам. Чаму яны пачынаюць у Беларусі чарговыя гульні з падстаўным і правальнымі асобамі (Мілінкевічам і інш.). Яны хочуць пераканаць беларусаў зноў “ісьці на выбары, але ня ўдзельнічаць у рэфэрэндуме”, як гэта было ў восень 2004 г.? Зноў зьбіраюцца разам з Масквой аплочваць прамаскоўскую псэўдаапазыцыю з брусэльскіх фондаў “на дэмакратыю”? Зноў будуць намякаць, што “для Беларусі лепшы шлях да дэмакратыі — праз дэмакратычную Расею”? Тым часам ў самой брусэльскай структуры не ўдаецца ўжо схаваць ад грамадзкасьці сымптомы глыбокага крызісу, прычыны якога трэба шукаць у карупцыі кіраўніцтва (зьвязанага з Крамлём) і ў занядбаньні інтарэсаў эўрапейскіх народаў (у тым ліку беларускага).
Валеры Буйвал