“ГАЛОЎНАЯ ФУНКЦЫЯ — ЗЬНІШЧЭНЬНЕ”

29 жніўня 2006 г. Славацкая газэта “SME” паведамляе пра ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар 62-х угодкаў пачатку Славацкага народнага паўстаньня супраць нямецка-фашыстоўскіх акупантаў у 1944 г.. У партызанскай сталіцы мястэчку Лубіне кіраўніцтва краіны ўсклала вянкі да помніка паўстанцам. Прэмьер Славакіі Робэрт Фіка сказаў у сваёй прамове, што “славакі цяпер мусяць мець такую ж сьмеласьць, якую мелі нашыя бацькі і дзяды, ды ўсімі легітымнымі спосабамі абараняць нашы нацыянальныя інтарэсы”. Прэм'ер меў на ўвазе праблемы апошняга часу. У паўднёвай Славакіі актывізаваліся этнічныя ўгорцы. Адбылося некалькі хуліганскіх інцыдэнтаў па віне прадстаўнікоў як славацкай, так і ўгорскай абшчынаў.

Наш камэнтар: Аўстра-угорская імпэрыя рассыпалася яшчэ ў 1918 годзе, даўно вызваліліся народы і стварылі свае нацыянальныя дзяржавы. Але дагэтуль (нават ва ўмовах аб'яднанай нібыта Эўропы) мільёны людзей ня хочуць быць меншасьцямі, спрачаюцца і нават бьюцца між сабой, імкнуцца зьмяніць межы і скардзяцца на несправядлівасьці.

Аднак, ёсьць яшчэ адзін аспэкт гэтай тэмы. А менавіта няпісаны закон, правіла адэкватных паводзінаў дзяржаўнага кіраўніцтва. Першыя асобы дзяржавы заўсёды разам з народам у дні нацыянальных і дзяржаўных сьвятаў і памятных падзеяў мінуўшчыны. Перад помнікамі герояў мінуўшчыны, над іхнымі магіламі дзяржаўныя прадстаўнікі заўсёды згадваюць пра цяпершчыну, шукаюць сувяць часоў былой і сёньняшняй нацыянальнай гісторыі, падкрэсьліваюць непарыўнасьць нацыянальнай і дзяржаўнай традыцыі. Прэмьеру Славакіі ў галаву б не прышло ўскладаць вянкі да помнікаў “славы аўстрыйскага войска” або былых угорскіх гаспадароў краіны (500 гадоў угорскай акупацыі Славакіі да 1918 г.). Калі б ён так зрабіў, яго б не зразумелі і ад ягоных паслугаў ва ўрадзе адразу б пазбавіліся.

Вядома, што экзатычны шклоўскі рэжым у цэнтры Эўропы робіць усё гэта з дакладнасьцю да наадварот. Немагчыма ўявіць сабе шклоўскага прэзыдэнта і прэм'ера са сьвітай, напрыклад, 8 верасьня на Крапіўным полі пад Воршай, каля крыжоў на магілах слуцкіх паўстанцаў або на Дзяды ў Курапатах. Яны зьбіраюцца на фальшывай “лініі Сталіна” ды на розных іншых “ВДНХ”. Яны паўтараюць пра “савецкі народ” і “как хорошо у нас русскім людям” ды аплакваюць СССР. Галоўная іхная функцыя — зьнішчэньне беларускіх помнікаў і сьвятыняў, вынішчэньне нашай нацыянальнай Памяці.

Юрка Марозаў