ВЫНІКІ ІЗАЛЯЦЫІ

28 жніўня 2006 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” піша аб праблемах мясцовай турыстычнай індустрыі. Сёлета нават у параўнаньні з папярэднімі гадамі вырасла колькасьць летувіскіх грамадзянаў, якія выязджаюць за мяжу на вакацыі і экскурсіі. Узьнікла сур'ёзная транспартная праблема. Не хапае аўтобусаў і кіроўцаў дзеля таго, каб адвезьці масы кліентаў у далёкія і блізкія краіны. Значную частку туртранспарту фірмы вымушаны кінуць на “унутраны фронт” — для замежных турыстаў, якія з задавальненьнем падарожнічаюць па Летуве.

Наш камэнтар: Нам бы вашы праблемы... Абсалютная большасьць беларусаў усіх узростаў нават марыць ня можа пра культурна арганізаваныя вакацыі, тым больш за мяжой. Грошай бракуе на штодзённае выжываньне. Па ўсёй краіне вам раскажуць, што “каб не гарод, то капцы...” З “унутраным фронтам” турыстычнай індустрыі на Беларусі справы зусім кепскія. У Вільні, Коўні, Троках (ды па ўсёй Летуве) перасоўваюцца цэлыя арміі італьянцаў, японцаў, немцаў, амэрыканцаў, што знаёмяцца з краінай і пакідаюць там мільёны даляраў. На нашых дарогах і ў культурных цэнтрах назіраецца поўны спакой, няма нікога. Зрэдку заходнікі прыязджаюць на паляваньне або на адведкі да знаёмых. “Унутранага фронту” практычна не існуе. Даецца ў знакі рэжым ізаляцыі Беларусі ад цывілізаванага сьвету. Сумная карціна.

Валеры Буйвал