РЭПРЭСІІ Ў БАРАНАВІЧАХ

25 жніўня патрыёты Беларусі сьвяткавалі Дзень аднаўленьня незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны. У цэнтры Баранавічаў сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ сп. Яўген Даўгіловіч і сп. Зьміцер Палойка віншавалі са сьвятам людзей і раздавалі ім паштоўкі з тэкстам віншаваньня. Спачатку да іх пад'ехалі некалькі аўтамабіляў з “бдітельнымі” гэбістамі ў цывільным. Потым каля іх зьявіліся знаёмыя фізіяноміі мясцовых міліцэйскіх афіцэраў, але таксама ў цывільным. Мінаў час (безумоўна, мясцовыя тэлефанавалі ў Менск — што рабіць?). Урэшце каманда паступіла, да патрыётаў пад'ехала міліцэйская машына. Зь яе выскачылі міліцыянты і заштурхалі Я. Даўгіловіча і З. Палойку ў машыну. Сп. Палойку міліцыянты схапілі за горла і душылі. У міліцэйскім пастарунку затрыманых трымалі адну гадзіну (зноў тэлефанавалі ў Менск). Але потым вымушаны былі выпусьціць.

Гэта ёсьць яшчэ адзін доказ лютага страху рэжыму перад беларусамі. І лютай жа нянавісьці прыслужнікаў імпэрскай Масквы да нашай незалежнай Дзяржавы.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

25 жніўня 2006 г.